У свеце ўжо 1 млн 850 тысяч выпадкаў каранавіруса
На раніцу 13 красавіка ў свеце ўжо 1 млн 850 тысяч выпадкаў COVID-19 (за суткі іх стала больш на 15,4 тысячы). Найбольш у ЗША — 557,5 тысячы (за суткі дадалося амаль 10 тысяч), у Іспаніі — 166,8 тысячы, у Італіі — 156,3 тысячы. У суседняй Расіі налічваецца 15,7 тысячы выпадкаў заражэння, у Польшчы — 6,6 тысячы, ва Украіне — 2,7 тысячы, у Літве — 1053, у Латвіі — 651. У Беларусі на раніцу 12 красавіка было 2578 выпадкаў каранавіруснай інфекцыі.
У свеце памерлі больш за 114 тысяч чалавек: у ЗША — больш за 22 тысячы, у Іспаніі — 17,2 тысячы, у Італіі — амаль 20 тысяч (за суткі памёр 431 чалавек — рэкордна нізкая колькасць з 19 сакавіка). У Беларусі памерлі 26 чалавек.
У брытанскім урадзе прагназуюць, што Вялікабрытанія можа стаць краінай з самай высокай смяротнасцю ад каранавіруса ў Еўропе. Прычынай называецца недастатковае тэставанне і несвоечасовая ізаляцыя заражаных і іх кантактаў, паведамляе "Бі-Бі-Сі". У нядзелю колькасць памерлых у гэтай краіне перавысіла 10 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.