У Тбілісі аператар аэрапорта адмовіўся абслугоўваць самалёты "Белавія"
Самалёт "Белавіі" / belavia.by
Турэцкі міжнародны аператар аэрапортаў TAV Airports адмовіўся абслугоўваць самалёты авіякампаніі "Белавія" ў аэрапорце Тбілісі імя Шата Руставелі, піша motolko.help.
Як распавядала Еўрарадыё, напрыканцы студзеня стала вядома, што ЗША запатрабавалі ад Турцыі прытрымлівацца амерыканскіх санкцый і забараніць палёты ў краіну авіякампаніям з Беларусі і з Расіі на самалётах Boeing. Турэцкая кампанія Havaş, якая з'яўляецца "дачкой" TAV Airports, папярэдзіла авіякампаніі з Беларусі, Расіі ды Ірана, што не будзе абслугоўваць самалёты Boeing і шэраг Airbus. У "чорны спіс" трапіла больш за 170 самалётаў, сем з якіх лічацца за "Белавіяй".
Адмова ад абслугоўвання азначае, што аэрапортах, якія абслугоўвае Havaş, іх не будуць запраўляць, падаваць трап, праводзіць пасля- і перадпалётны агляд, тэхабслугоўванне і рамонт. Але прылятаць у гэтыя аэрапорты самалёты маюць права.
Аэрапорт Тбілісі не ўваходзіць у спіс аэрапортаў Havaş. Яго абслугоўвае галоўная турэцкая кампанія TAV Airports. Гэта можа азначаць, што пад забарону на абслугоўванне трапяць усе аэрапорты, дзе аператарам выступае TAV ці яе даччыныя кампаніі, адзначае "Наша Ніва".
Нап сёння Havaş з'яўляецца аператарам 32 аэрапортаў (пераважна ў Турцыі). TAV Airports кіруе яшчэ пятнаццаццю аэрапортамі ў васьмі краінах.
Такім чынам, самалёты "Белавіі" могуць адмовіцца абслугоўваць у аэрапортах такіх гарадоў, як Стамбул, Анкара і Анталія, Тбілісі і Батумі, Алматы. У спісе ёсць шэраг еўрапейскіх гарадоў (напрыклад, Рыга і Заграб), але Еўропа для "Белавіі" даўно закрытая і так.
"Белавія" можа дамовіцца пра абслугоўванне з іншымі аператарамі (напрыклад, у Тбілісі гэта авіякампанія Georgian Airways). Аднак гэта можа адбіцца на якасці паслуг. А ў некаторых аэрапортах замены для TAV папросту няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.