У Варшаве – рэферэндум аб аддзяленні, у Мінску – Саладуха ідзе ў мэры
А на свабодныя месцы ў гасцініцах прымусова засяляюць мінчукоў. Еўрарадыё сабрала першакрасавіцкія навіны.
“Калі даход грамадзяніна меншы за 5 мільёнаў рублёў у месяц, то ён можа зняць нумар у гатэлі катэгорыі 1-2 зоркі, ад 5 да 8 мільёнаў рублёў — 3-4 зоркі, 8-10 мільёнаў рублёў — 4-5 зорак, а звыш 10 мільёнаў — не менш за 5 зорак”, — апісваюць засяленне у Міністэрстве рассялення беларусаў і замежнікаў, жартуе “Камсамольская праўда ў Беларусі”.
І высоўвае Аляксандра Саладуху ў мэры Мінска, бо той хоча збудаваць канцэртную пляцоўку на 25 тысяч месцаў, а пасля… скласці з сябе паўнамоцтвы.
Сепаратысты дабраліся да польскай сталіцы. У Варшаве аддзяляецца раён Прага. Жыхары ствараюць Вольны горад Прага, што хочуць засведчыць на рэферэндуме 1 чэрвеня, пра гэта паведамляе wawalove.pl.
А ва ўроцлаўскіх трамваях ствараюць бізнэс-клас, дзе можна будзе выпіць кавы і паглядзець кіно. Але давядзецца пераплаціць за квіток, піша gazetawroclawska.pl.
У брытанскім графтсве Дэван пінгвін знёс залатое яйка, перадае Guardian. Мінск вырашыў “азалаціцца” па-іншаму: зрабіць сталіцу аграгарадком-героем. Гэта дапаможа завабіць турыстаў, іранізуюць naviny.by.
Беларускі гумар — дабрэйшы, выказваецца рэдактар Клуба вясёлых і знаходлівых Леанід Купрыда:
“У кожнай краіне свой гумар. Гэта звязана з бытавымі, культурнымі момантамі. Беларусы добры народ, таму і гумар у нас добры. У нас, чым прасцейшыя і дабрэйшыя жарты, тым яны лепш успрымаюцца. Варта, каб людзі часцей усміхаліся і давалі для гэтага нагоду, але, вядома, ржаць на кожным кроку не варта”.
На першае красавіка ён пакуль нікога не падкалоў, але ўжо жартуе на рэпетыцыі КВЗ.
Беларусам прасцей смяяцца над сабой, мяркуе інтэрнэт-гумарыст, вядомы мікраблогер Канстанцін(@mojo_fm).
“Самыя смешныя жарты пра нас саміх, таму я і жартую менавіта з нас. Але не ўсе гатовыя з сябе смяяцца, гэтага нам і не хапае”, — адказвае Еўрарадыё Канстанцін.
Ды наракае, што акурат з яго на 1 красавіка не жартуюць, бо “твар пануры”. А вось сам пакпіць са знаёмых не супраць.
“У школе свайму сябру напісаў позву у суд на слуханне пра мяне, што я ўчыніў п’яны дэбош, разбіў вітрыну і паклаў позву ў яго паштовую скрыню, каб ён выступіў у судзе. Ён паверыў, пасля месяц са мной не размаўляў”, — прыгадвае Канстанцін.
Аматарам "Гульні прастолаў" не да жартаў. Аўтар сагі “Льду і полымя” Джордж Марцін абвясціў, што не будзе дапісваць VI і VII тамы, паведамляе hatak.pl. А на Гродненшчыне тым часам — асліныя бягі. Жывёл выберуць па розуму і хуткасці, піша Блог Гродна.
Фота: health.pln24.ru