У Варшаве сёння хаваюць Войцеха Ярузэльскага
Свой апошні спачын ён знойдзе на могілках Павонзкі, на якіх традыцыйна хаваюць заслужаных людзей.
Пахаванне генерала Войцеха Ярузэльскага, які памёр 25 траўня, адбудзецца пасля жалобнай імшы ў адным з каталіцкіх касцёлаў у сталіцы Польшчы. Факт, што аднаго з найбольш вядомых камуністычных палітыкаў, які пры жыцці неаднойчы падкрэсліваў свой атэізм, пахаваюць пасля жалобнай імшы, выклікаў немалую сенсацыю ў Польшчы.
На гэтым тыдні ў Польшчы чуліся заклікі з боку некаторых палітыкаў правага крыла не дапусціць пахавання генерала Ярузэльскага на “Павонзках”, арганізаваўшы там масавую малельную сустрэчу і заблакаваўшы доступ да могілак.
Генерал Войцех Ярузэльскі быў першым сакратаром Польскай аб’яднанай рабочай партыі, прэм’ер-міністрам і міністрам абароны Польшчы ў камуністычны перыяд. 13 снежня 1981 ён увёў у краіне ваеннае становішча, ізаляваўшы ў месцах адасаблення каля дзесяці тысяч дзеячаў прафсаюзу “Салідарнасць”. Падчас ваеннага становішча ў сутычках з міліцыяй загінула некалькі дзясяткаў чалавек.
У 1989 годзе Войцех Ярузэльскі ў выніку дамовы з апазіцыяй давёў да першых часткова дэмакратычных выбараў у камуністычнай Польшчы, стаў апошнім прэзідэнтам Народнай Польшчы (1989) і першым прэзідэнтам посткамуністычнай Польскай Рэчы Паспалітай (1989-1990).
Лех Валенса, якога Войцех Ярузэльскі зняволіў амаль на год пасьля ўвядзення ваеннага становішча, публічна прымірыўся з генералам і наведаў яго падчас хваробы ў шпіталі, нагадвае Радыё Свабода.