У Ваўкавыску з праявамі адру шпіталізавалі 8 чалавек, 25 — пад падазрэннем
У Ваўкавыску з клінічнымі праявамі адру шпіталізавалі 8 чалавек: пяцёра дзяцей і трое дарослых. Яшчэ 25 чалавек — пад падазрэннем, яны назіраюцца амбулаторна, інфармуе “Гродзенская праўда” са спасылкай на галоўнае ўпраўленне аховы здароўя аблвыканкама.
Як паведамляла Еўрарадыё, першы выпадак пацверджанага лабараторна захворвання выявілі ў хлопчыка, другі — у 5-гадовай дзяўчынкі. “Гродзенская праўда” сцвярджае, што дзяўчынка захварэла першай. Яе, дарэчы, ужо выпісалі з бальніцы. Дзіця не было прышчэплена супраць адру. Маці кажа, што гэтага не зрабілі па медыцынскіх паказчыках.
У горадзе праводзіцца комплекс санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Па дадзеных на панядзелак у Ваўкавыску прышчэплена 1030 чалавек.