У Віцебску Генадзь Хазанаў высмеяў "дэкрэт аб дармаедах"
Праўда, адбылося гэта ў артыста выпадкова.
Выступ расійскага артыста Генадзя Хазанава на "Славянскім базары" ў Віцебску быў адзначаны кур'ёзным здарэннем. Звязана гэта з нядаўна прынятым "дэкрэтам аб дармаедах", які падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Нагадаем, што згодна з ім непрацуючыя грамадзяне павінны за год выплаціць дзяржаве 3,6 млн рублёў.
Мяркуючы па ўсім, расійскі артыст не ведаў пра беларускія асаблівасці. Як піша sobesednik.ru, на канцэрце ў Віцебску Хазанаў распавядаў пра сваю працу ў маладосці на заводзе і адзначыў: "На гэтым заводзе я даведаўся, што лепш быць стройным гультаём, чым гарбатым стаханаўцам". Заўвага выклікала смех і апладысменты мясцовай публікі.
Падчас сольнага выступу ў канцэртнай зале "Віцебск" Хазанаў паведаміў, разам з Леанідам Якубовічам працуе над праектам "Крымінальны кодэкс у байках". Артыст пацікавіўся ў беларускай публікі, якім артыкулам, на іх думку, аўтары заняліся ў першую чаргу. Гледачы імгненна адказалі: "Дармаедства". У адказ Хазанаў паліткарэктна адзначыў, што яны з Якубовічам займаліся толькі расійскім Крымінальным кодэксам.
Фота — Russian Looks