У Віцебску ідзе паўторны суд за смерць немаўляці падчас хатніх родаў
У Віцебскім абласным судзе 9 студзеня пройдзе паўторны разгляд крымінальнай справы Вольгі Сцяпанавай, перадае Радыё "Свабода". Раней жанчыну асудзілі за смерць дзіцяці падчас хатніх родаў. Яе прызналі вінаватай у смерці па неасцярожнасці.
3 лістапада 2017 года Віцебскі абласны суд задаволіў апеляцыю Сцяпанавай на вырак суда Чыгуначнага раёну. У выніку справу супраць яе накіравалі на паўторны разгляд.
Суддзя Галіна Бондал абвясціла, што паўторны працэс будзе закрыты, бо падчас яго будуць агучвацца звесткі з асабістага жыцця падсуднай. Сама Сцяпанава на працэсе адсутнічае, яе інтарэсы прадстаўляе адвакат Надзея Бірукова.
Як паведамлялася раней, 19 лютага 2017 года жыхарка Санкт-Пецярбургу Вольга Сцяпанава нарадзіла ў віцебскай кватэры маці сваю малодшую дачку. Яна не змагла дапамагчы дзіцяці, калі пабачыла, што дзяўчынка не дыхае. Сваякі жанчыны кажуць, што выкліканая хуткая дапамога прыехала нясвоечасова і дзіця ўратаваць не змаглі.
7 верасня Чыгуначны райсуд Віцебску прызнаў Сцяпанаву вінаватай у смерці нованароджанай дачкі. Яе асудзілі на 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Жанчына абскардзіла вырак. і 3 лістапада калегія абласнога суда адмяніла вырак.