У Віцебску прадаюць з малатка будынак каталіцкай капліцы

 У Віцебску прадаюць з малатка будынак каталіцкай капліцы

У Віцебску прадаюць з аўкцыёна старадаўнюю капліцу, найстарэйшую з захаваных каталіцкіх пабудоў горада, якая месціцца ў батанічным садзе. За будынак з правам арэнды пляца вакол яго плошчай 10 сотак просяць 41500 рублёў, паведамляе "Наша Ніва" са спасылкай на Дзяржаўны камітэт па маёмасці.

Згодна з умовамі аўкцыёну, патэнцыйны ўладальнік зможа выкарыстоўваць зямельны ўчастак "па яго існуючым прызначэнні, а таксама, пры ўмове правядзення рэканструкцыі, пад відовішчныя аб'екты, фізкультурна-спартыўныя збудаванні, атракцыёны, залы для гульнявых аўтаматаў, більярдавыя, «Дысней-паркі», луна-паркі, водныя паркі, аб'екты гандлёва-бытавога абслугоўвання».

Капліцу ў 1859 году пабудаваў віцебскі землеўласнік Сцяпан Дунін-Слепсць. Праз год яе асвяцілі ў гонар Прасвятой Багародзіцы Балеснай. У савецкі час будынак рэканструявалі, надбудавалі другі паверх. Як мяркуецца, гэта адбылося ў 1939 годзе.

У лістападзе 2015 года Міністэрства культуры адмовіла ў прысваенні гэтаму будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак паведаміла, што распрацоўваецца пытанне аб перадачы капліцы на баланс Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла для яе аднаўлення. Але ўрэшце ўлады вырашылі будыначак прадаць.

Яшчэ адзін падобны аб'ект выставілі на таргі ў Глыбокім — там прадаюць за 1 базавую велічыню будынак былога кляштара кармелітаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі