У Віцебску выратавалі тоўстага лебедзя, які не паляцеў у вырай (фота)

У Віцебску выратавалі тоўстага лебедзя, які не паляцеў у вырай (фота)

У Віцебску эколагі і брыгада спецаўтабазы ​​выратавалі лебедзя на вадаёме па вуліцы Незалежнасці, піша vitvesti.by.

Трывогу забілі мясцовыя жыхары: невялікае возера пакрылася лёдам, а птушка не паляцела ў вырай і засталася плаваць у палонцы памерам з офісны стол.

Па словах начальніка Віцебскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерыя Фандо, лебедзь, верагодна, быў кінуты сям'ёй. 

На месцы выкліку эколагі пабачылі, што птушка з цяжкасцю ўзлятае і можа праляцець толькі каля 30 метраў. Па лёдзе птушка ходзіць пешшу, не вельмі баіцца людзей, якія шчодра яе падкормлівалі. Да таго ж, малады лебедзь, які застаўся без апекі старэйшых, мог бліжэйшым часам стаць ахвярай сабак. 

Вылаўленага лебедзя даставілі ў Віцебскі заапарк. Увесну яго зноў выпусцяць на волю.

На думку Валерыя Фандо, птушку проста перакармілі "чуллівыя" віцябляне. У выніку малады лебедзь з залішняй вагой проста не змог падняцца ў неба ўслед за сваімі бацькамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі