У Вільні адкрыецца дадатковы першы клас з беларускай мовай навучання

Святлана Ціханоўская з бацькамі беларускіх школьнікаў ў Вільні

Святлана Ціханоўская з бацькамі беларускіх школьнікаў ў Вільні / прэс-служба Ціханоўскай

Беларусы Вільні дамовіліся з муніцыпалітэтам літоўскай сталіцы на адкрыццё яшчэ аднаго класа з беларускай мовай навучання, перадае Радыё "Свабода".

Адзіная беларускамоўная гімназія імя Скарыны ў Вільні перапоўненая: на 1 верасня 2023 года там было 408 вучняў. Дырэктарка гімназіі Дзіяна Стахновіч тлумачыла журналістам: "Гэта не прыватная ўстанова, таму пытанне пашырэння гімназіі — у кампетэнцыі Віленскага гарадскога самакіравання".

Бацькі беларускіх школьнікаў аб'ядналіся ў ініцыятыўную групу і звярнуліся ў Віленскі муніцыпалітэт.

"Віцэ-мэр Вільні Арунас Шылярыс паабяцаў, што нам могуць дапамагчы адкрыць толькі першы клас. Нібыта для гэтага ёсць прыдатнае памяшканне ў зручным раёне горада. Але мы заклікаем бацькоў падаваць заявы не толькі аб прыёме дзетак у першы клас, а яшчэ і ў другі і трэці клас (паводле нашых звестак, там ёсць яшчэ вольныя памяшканні). Пакуль не буду гаварыць пра месца, але гэта рэальна. Папярэднія дамоўленасці ёсць, але застаецца шмат нявырашаных пытанняў", — кажа Вольга з ініцыятыўнай бацькоўскай групы.

Днямі бацькі беларускіх школьнікаў Вільні сустрэліся з прадстаўнікамі Офісу Святланы Ціханоўскай, якім расказалі пра свае праблемы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі