У забойстве мінчанкі, зніклай у 2013 годзе, падазраюць яе былога мужа
30 верасня ў Вілейскім вадасховішчы знайшлі цела невядомай жанчыны, схаванае ў спартовай торбе, з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Некалькі гадоў яно праляжала на дне пад уздзеянем вады, таму крыміналістам было складана высветліць асобу загінулай і абставіны яе смерці. Забітай апынулася жыхарка Мінска, 1974 года нараджэння, якая лічылася зніклай з мая 2013 года.
У злачынстве праваахоўнікі падазраюць яе былога мужа.
"Забойства адбылося ў пачатку траўня 2013 года ў гаражы, які падазраваны арандаваў у Мінску. З мэтай утойвання злачынства мужчына на аўтамабілі вывез труп на Вілейскае вадасховішча, дзе ўтапіў", — распавяла Еўрарадыё Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Мінскай вобласці.
Зараз следчыя працуюць з затрыманым, высвятляюцца ўсе абставіны злачынства і замацоўваюцца першапачаткова атрыманыя доказы.