У загінулага каля метро "Пушкінская" была адкрытая рана грудной клеткі

У загінулага каля метро "Пушкінская" была адкрытая рана грудной клеткі

У загінулага каля станцыі метро "Пушкінская" Аляксандра Тарайкоўскага асноўная прычына смерці — адкрытая рана грудной клеткі. Таксама ў медыцынскіх дакументах пазначана, што ён памёр ад масіўнай страты крыві. Пра гэта парталу TUT.by распавяла яго грамадзянская жонка Алена

Трагедыя здарылася ўвечары 10 жніўня. Мужчына загінуў, калі сілавікі пачалі штурмаваць імправізаваныя барыкады, узведзеныя каля станцыі метро. Яму было 34 гады, у яго засталася трохгадовая дачка. 

Паводле версіі МУС, мужчына нібыта хацеў кінуць неўстаноўленае выбуховае прыстасаванне ў бок сілавікоў, але выбух адбыўся ў яго руцэ. Але відавочцы кажуць, што ў мужчыны ў руцэ нічога не выбухала. Пазней у інтэрнэце з'явілася відэа меркаванай гібелі Тарайкоўскага. На ім бачна, што мужчына стаіць супраць узброеных сілавікоў, адбываецца ўспышка ад верагоднага стрэлу — і ён асядае на асфальт. Ніякага выбуху пры гэтым няма.

Каля месца гібелі дэманстранта ўзнік стыхійны мемарыял. Кожны дзень людзі прыносяць туды кветкі. 13 жніўня кветкі ўсклалі амбасадары краін Еўрасаюза. 

Паводле TUT.by, сям'я загінулага ўдзячная ўсім, хто дапамагае, але папрасіла не прыходзіць на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі