У ЗША ва ўзросце 101 года памёр мільярдэр Дэвід Ракфелер
У ЗША ў сваім маёнтку каля Нью-Ёрку падчас сну ва ўзросце 101 года памёр мільярдэр Дэвід Ракфелер, інфармуе "Бі-Бі-Сі". Ён быў унукам першага ў гісторыі доларавага мільянера Джона Рокфелера, нафтавага магната.
Дэвід Ракфелер-старэйшы — выпускнік Гарвардскага ўніверсітэта, пазней у Чыкагскім універсітэце ён абараніў ступень доктара эканомікі. У гады Другой сусветнай вайны служыў у амерыканскім войску, у разведцы, даслужыўся да звання капітана. У пасляваенны час займаўся бізнесам, доўгі час ачольваў Chase Manhattan Bank. Дэвід Ракфелер ахвяраваў на дабрачыннасць сотні мільёнаў долараў.