У.Барадач: Калі арганізатар сярод пацярпелых - выбуху быў не час і не месца

Палкоўнік запасу, былы камандзір брыгады спецназу ў Мар'інай Горцы Уладзімір Барадач упэўнены, што выбух быў палітычнай акцыяй, якая адбылася раней задуманага часу. У інтэрв’ю Еўрарадыё ён адзначыў, што па выбуховым прыстасаванні і дэтанары можна меркаваць пра ўзровень падрыхтоўкі арганізатараў, аднак пакуль МУС не агучвае вынікаў экспертызы, пра гэта цяжка меркаваць. Барадач выключае версію крымінальных разборак і правакацыі. Ацэньваючы ўладную кваліфікацыю здарэння ў Дзень незалежнасці як хуліганства, спадар Уладзімір адзначыў, што гэта нават горш чым у Чачні:

Уладзімір Барадач: Па-мойму, калі беларусы гатовыя так хуліганіць, то гэта будзе горш, чым у Чачні. Праходзіла палітычнае мерапрыемства. Калі б там выбухнула петарда, была б адна справа. А калі выбухнула, як кажуць, праваахоўныя органы, самаробнае выбуховае прыстасаванне, якое мела нейкі мэтанакіраваны характар, то гэта быў нейкі палітычны акт. Выконвалася нейкая задача, але, на маю думку, гэта не атрымалася ў тых, хто пераследаваў нейкія мэты. Наўрад ці мэтай было проста папужаць частку мірнага насельніцтва, грамадзянаў, якія былі там. Штосьці не атрымалася, але, хутчэй за ўсё, гэта мела палітычны характар.

Уладзімір Барадач перакананы, што канцэрт, які на загад Лукашэнкі працягваўся, трэба было спыняць, бо нікому невядомыя мэты арганізатара выбуху:

Уладзімір Барадач: Я думаю, трэба было чакаць і другога выбуху, і трэцяга, таму што невядома якія мэты пераследавалі грамадзяне, якія гэта рабілі. Трэба было прадугледзець, што могуць быць наступныя ахвяры, ці могуць быць нейкія неадэкватныя дзеянні з боку хуліганаў. Яны ж маглі пашаліць і больш крута. Тым больш што пацярепалі неабароненыя, тыя, хто нават не здагадваўся, што гэта не феерверкі, а смерцяносныя выбухі.

Наш суразмоўца выключае адну з неафіцыйных версіяў здарэння – крымінальныя разборкі. Па яго меркаванні, і правакацыяй мінулы выбух не назавеш.

Уладзімір Барадач: Калі б было падобна на разборкі!.. Разборкі скончваюцца, як правіла, ля пад’ездаў, у рэстаранах, кавярнях, дзе няма такой аховы, такой пільнасці. Пераследавалася нейкая іншая мэта. Але я не думаю, што была нейкая правакацыя. Калі б была правакацыя, ужо былі б зробленыя пэўныя крокі, былі б ужо планава арыштаваныя людзі. Хтосьці б прызнаўся, хтосьці б “калоўся”...

Па меркаванні эксперта Еўрарадыё, выбух адбыўся раней, чым павінен быў. Ён кажа, што на карысць заўчаснасці кажуць наступныя факты.

Уладзімір Барадач: Міліцыя сказала, што вінаваты ў выбуху знаходзіцца сярод пацярпелых. Значыць, выбух адбыўся з-за неасцярожнага пераносу, чалавек не дайшоў кудысьці. Прычынай выбуху магло стаць хваляванне ці нейкая іншая прычына. Калі арганізатары сярод пацярпелых, значыць быў не час выбуху і не месца.

Уладзімір Барадач адзначыў, што пра мэты акцыі цяжка меркаваць нават, пакуль не будуць агучаныя вынікі экспертызы другога выбуховага прыстасавання, знойдзенага ў раёне святкаванняў у Дзень незалежнасці, ды рэштак спрацаваўашага.

Уладзімір Барадач: Сказаць зараз, хто працаваў, наколькі прафесійна, не маючы гэтай інфармацыі, цяжка. Па дэтанатары, па выбуховым прыстасаванні можна ў пэўнай ступені вызначыць асноўную мэту гэтай акцыі: ці гэта знішчэнне асабістага складу, ці гэта знішчэнне масы людзей, ці пэўных асобаў у натоўпе. Ёсць маса фактараў, якія не дазваляюць рабіць уцямныя, прафесійныя высновы.

Даведка Еўрарадыё:

Уладзімір Барадач – палкоўнік запасу, былы камандзір брыгады спецназу ў Мар'інай Горцы (1988-1991). У пачатку 1990-х ён быў сябрам Беларускага згуртавання вайскоўцаў. 8 верасня 1992 года, у Дзень беларускай вайсковай славы, прыняў прысягу на вернасць Беларусі на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

На фота: Уладзімір Барадач крайні справа

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі