Удзельніка “Дажынак” з надпісам “Х... Радзіме” перафатаграфавалі
На сайце газеты "Дняпровец" замянілі фотаздымак кіроўцы-перадавіка.
Кіроўца сельгаспрадпрыемства “Савецкая Беларусь” першы перавёз тысячу тон зерня. У газеце "Дняпровец" выйшаў матэрыял пра перадавіка пад загалоўкам: "Лепшы на адвозцы зерня".
Але неспадзяванка выйшла з фотаздымкам кіроўцы. Ён стаяў з кветкамі на фоне свайго аўтамабіля з надпісам “Хлеб радзіме”. Але на здымку кіроўца закрыў галавой апошнюю частку слова “хлеб” і атрымалася “Х... Радзіме”. На гэта не звярнулі ўвагу ні фатограф, ні рэдактар газеты, але заўважылі інтэрнэт-карыстальнікі.
Са здымка пачалі жартаваць, а навіна на сайце "Дняпроўца" сабрала рэкордныя 30 каментароў кшталту: “Фота залік! Падняло настрой. А фатограф у газеце жартаўнік”.
Праз тыдзень перадавіка перафатаграфалі ўжо ў правільным ракурсе, для гэтага нават уручылі новы букет.