U.G.Oslavia прэзентавалі кліп адным кадрам
Адмыслова для здымак вакалістка два месяцы вучыла тэкст песні на мове глухіх.
Мінскі гурт U.G.Oslavia прадставіў у інтэрнэце кліп на песню “Молодость”, які здымалі адным кадрам на малой сцэне Тэатра драматургіі. На відэа спявачка Юля Багаслаўская перакладае тэкст трэка на мову глухіх. Ідэя зрабіць такі ход прыйшла самой вакалістцы, пасля шматмесячных роздумаў.
“У пэўны момант я зразумела, што мне важна, каб людзі не проста паглядзелі карцінку, але пачулі і тэкст. Таму і падумала, а што калі яго яшчэ і так падкрэсліць, — узгадвае Юля. — Музыкі мне сказалі, што нешта такое ўжо і Цой рабіў і Пол Макартні, я, натуральна, расстроілася… Але пасля вырашыла, што нічога з гэтым не зробіш, бо я ўжо наладзілася менавіта на такі варыянт. Напісала дзяўчыне, якая валодае мовай, яна мне запісала відэа, дзе падрабязна паказала, як што рабіць, і два месяцы я гэта вучыла”.
Рэжысёрам кліпа выступіла Маша Курачова, якая выпадкова даведалася пра ідэю і сама выказала жаданне супрацоўнічаць.
“Маладосць — не замірае і не спыняецца, яна, як рака, рухаецца і жыве ва ўсіх напрамках сама ў сабе, — распавядае сваё бачанне кліпа Маша. — Так мы і зрабілі: здымалі адным кадрам у замкнутай прасторы, выкарыстоўваючы ўсе тры плоскасці і 360 градусаў”.
Зняць відэа атрымалася толькі з 29 дубля. Прычым, у асноўным па віне самой Юлі Багаслаўскай, якая збівалася з сурдаперакладам, да канца песню знялі толькі 7 разоў.
Праз пэўны час кліп “Молодость” можа быць прэзентаваны на малой сцэне Тэатра беларускай драматургіі, але дакладных дамоўленасцяў пакуль няма. Бліжэйшы сталічны выступ U.G.Oslavia адбудзецца 16 лістапада ў клубе TNT.