U.G.oslavia “Странные люди”

Праз два гады размоваў, студыйных пакутаў, амаль поўнай замены складу гурт U.G.oslavia нарэшце выдаў дэбютны альбом. “Странные люди”, па словах музыкаў, —самае частае словазлучэнне, якое яны чуюць у свой адрас. Менавіта таму яго і было вырашана зрабіць назвай першага паўнафарматнага студыйніка гурта. Іх музыка сапраўды выбіваецца з агульнага шэрагу маладых беларускіх гуртоў. Безліч пазітыву, усмешак, дзіцячага разгільдзяйства, станоўчага вар’яцтва і амаль поўная адсутнасць традыцыйных для беларускіх рокераў тугі, плачу ды, у пэўнай ступені, занудства.

U.G.oslavia радуе адсутнасцю ў песнях тэм кахання і ўсіх яго наступстваў. Кожны трэк — свая скончаная гісторыя, са зразумелымі яскравымі вобразамі і філасофскім падтэкстам. Вось толькі пачуць яго часам вельмі складана. Адчуванне, што звядзеннем некаторых трэкаў займаўся сябра музыкаў, які вельмі даўно і добра ведае іх творчасць, спявае іх песні напамяць і не прапускае ні аднаго канцэрта. З-за чаго разабраць словы на некаторых нумарах — задача не з лёгкіх.

U.G.oslavia пакуль не знайшла свайго ўласнага гучання. І пакуль гэтага не будзе зроблена, пранізлівы высокі жаночы вакал Юлі Багаслаўскай у любым выпадку будзе параўноўвацца з “Земфирай”, “Чичериной”, а можа і са Светай Бень. А пакуль музыкі эксперыментуюць, стылістыка скача ад абсалютна фарматнага поп-рока да крамянага панка.

Странные люди” — вельмі дзявоцкі альбом. Але гаворка не пра тое, што ён для дзяўчат, ці выкананы дзяўчынай. Пасля праслухоўвання з’яўляецца моцнае адчуванне што гэта дыск-дзяўчынка, яна летуценная, занадта шчырая, яшчэ па-дзіцячы дурненькая і з-за гэтага такая мілая і прывабная.

Так атрымалася, што самыя моцныя трэкі менавіта тыя, што выходзілі ў якасці папярэдніх альбому сінглаў (“Птичка”, “Молодость”). Але пры гэтым альбом усё адно можна лічыць вельмі роўным без асаблівых правалаў і ўзлётаў. Так і трымаць! Чакаем працягу і наступнага паўнафарматніка.

Скачаць і паслухаць альбом “Странные люди” гурта U.G.oslavia можна тут!

  • Трэк-ліст:
  •     01 – Завтра
  •     02 – Птичка
  •     03 – Деньги
  •     04 – Вставай
  •     05 – Река
  •     06 – Молодость
  •     07 – Пузатая луна
  •     08 – Фобофобия
  •     09 – Открой глаза
  •     10 – Песня про китайцев
  •     11 – Мелодрама
  •     12 – Сухофрукты
  •     13 – Убегаешь
  •     
  • Удзел у запісе:
  • Лёня Несцярук — гітара,
  • Арцём Нікалаеў — бас,
  • Паша Лубчонак — клавішы, бэк-вакал,
  • Лёша Пятроў — бубны
  •     
  • Малюнак на вокладцы: Мікіта Рухля

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі