Украіна абірае прэзідэнта: у другім туры — Зяленскі і Парашэнка

Украіна абірае прэзідэнта: у другім туры — Зяленскі і Парашэнка

Ва Украіне сёння праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў. За пасаду кіраўніка дзяржавы змагаюцца акцёр і шоумэн Уладзімір Зяленскі і дзеючы прэзідэнт Пётр Парашэнка. У першым туры Зяленскі набраў 30,24% галасоў выбаршчыкаў, а Парашэнка — 15,95%, нагадвае Громадське.

Афіцыйныя вынікі другога тура абвесцяць да 4 траўня, а да 3 чэрвеня наваабраны прэзідэнт зойме пасаду.

Напярэдадні суд не задаволіў пазоў аб скасаванні рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Зяленскага, з якім звярнуўся назіральнік за выбарамі ад грамадскай арганізацыі “Украінская асацыяцыя акцыянераў” Андрэй Хілько.

Хілько настойваў на тым, што Зяленскі здзейсніў подкуп выбаршчыкаў, калі раздаваў квіткі на стадыён “Алімпійскі”, дзе адбыліся дэбаты кандыдатаў. На думку суда, гэта нельга разглядаць як агітацыю, а толькі як паведамленне пра падзею.

Украінскія СМІ сцвярджалі, што Хілько з’яўляецца адвакатам Парашэнкі, аднак у адміністрацыі прэзідэнта Украіны гэтую інфармацыю адпрэчваюць.

Напярэдадні вакол Уладзіміра Зяленскага разгарэўся скандал: у сацыяльных сетках адшукалі допіс жонкі кандыдата Алены Зяленскай, якая ў 2014 годзе нібыта заклікала адсочваць перасоўванні ўкраінскіх войскаў і паведамляць пра іх сепаратыстам ДНР і ЛНР. З гэтай нагоды Зяленская ўжо трапіла ў базу “Міратворац”, куды заносяць асобаў, спрычынных да супрацоўніцтва з сепаратыстамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі