Украіна не выключае, што прычынай авіякатастрофы пад Тэгеранам стаў тэракт
Украінскія спецыялісты разглядаюць чатыры версіі авіякатастрофы пасажырскага "Боінга" пад Тэгеранам. У тым ліку не выключаецца, што самалёт быў збіты зенітнай ракетай, чые абломкі плануецца шукаць на месцы крушэння.
Пра гэта заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (СНБА) Аляксей Данілаў, піша ў Фэйсбуку журналіст Юрый Бутусаў.
Сёння ноччу ўкраінская дзяржаўная камісія па расследаванні катастрофы прыбыла ў Тэгеран. У яе ўваходзяць 45 чалавек, якія прадстаўляюць 12 міністэрстваў і ведамстваў.
Асноўнымі версіямі авіякатастрофы, эксперты называюць наступныя:
— траплянне ў самалёт зенітнай ракетай ЗРК, у тым ліку ЗРК "Тор" (такая версія з'явілася ў інтэрнэце);
— сутыкненне з беспілотнікам ці іншым лятаючым аб'ектам;
— разбурэнне і выбух рухавіка па тэхнічных прычынах;
— выбух унутры самалёта ў выніку тэракту.
"Наша камісія ў дадзены момант узгадняе з іранскімі ўладамі пытанне выезду на месца катастрофы, і мае намер правесці пошукі абломкаў расійскай зенітнай ракеты ЗРК "Тор" паводле тых даных, якія былі апублікаваныя ў інтэрнэце. Мы выкарыстоўваем усе напрацоўкі па расследаванні атакі на "Боінг" МН-17, каб усталяваць ісціну і ў справе аб гібелі ўкраінскага самалёта ў Тэгеране", — прыводзіць Бутусаў словы Данілава.
Украінцы спадзяюццца, што іх дапусцяць да расшыфроўкі "чорных скрынак" самалёта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.