Украіна падазрае беларускія спецслужбы ў кібератацы на дзяржсайты
Украіна падазрае ў кібератацы на сайты сваіх дзяржаўных органаў групу хакераў UNC1151. Яе звязваюць з беларускімі спецслужбамі.
Па словах намесніка сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Сяргея Дземядзюка, шкоднае праграмнае забеспячэнне, выкарыстанае пры ўзломе, нагадвала тое, з дапамогай якога перад прэзідэнцкімі выбарамі 2016 года ўзламалі сайт Дэмакратычнай партыі ЗША.
— Атака на сайты была толькі прыкрыццём для больш разбуральных дзеянняў, якія адбываліся за кулісамі, і наступствы якіх мы адчуем у найбліжэйшай будучыні, — дадае Дземядзюк.
Атака на сайты Кабінета міністраў, МЗС і іншых дзяржорганаў Украіны адбылася ўночы з 13 на 14 студзеня. На іх першых старонках з'явілася папярэджанне на трох мовах: рускай, украінскай і польскай. Там вялося пра ўцечку дадзеных і пра помсту “за Волынь, за ОУН УПА, за Галицию, за Полесье и за исторические земли”. Служба бяспекі Украіны абвяргае ўцечку дадзеных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.