Украіна прывяла войскі ў поўную баявую гатоўнасць
Узброеныя сілы Украіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць. Адпаведны загад даў начальнік Генеральнага штаба Віктар Мужэнка, перадае hromadske.ua.
Рашэнне прынятае пасля таго, як Савет нацыянальнай бяспекі і абароны ухваліў прапанову ўвесці ваеннае становішча ва Украіне на 60 дзён. Гэта адбылося ў выніку захопу Расіяй украінскіх катэраў ў Керчанскім праліве 25 лістапада.
Паводле апошніх звестак, пры захопе караблёў шэсць украінскіх маракоў былі параненыя. Агулам на трох украінскіх катэрах было 23 вайскоўцы. Захопленыя ўкраінскія караблі даставілі ў Керч.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падтрымаў ўвядзенне ваеннага становішча. Гэтае рашэнне павінна ўхваліць Вярхоўная Рада, якая збярэцца на пасяджэнне 26 лістапада.
Тым часам каля расійскай амбасады ў Кіеве адбылася акцыя пратэсту: каля агароджы запалілі шыны, а сам будынак закідалі дымавымі шашкамі. Таксама шыны запалілі каля расійскага консульства ў Львове.