Украіна ўзмацняе кантроль на мяжы з Беларуссю — уведзены шэраг абмежаванняў
На ўкраінска-беларускай мяжы ўведзеныя абмежаванні / facebook.com/pivnichniy.kordon
Украіна ўвяла дадатковыя абмежаванні на дзейнасць паблізу мяжы з Беларуссю, паведаміла Паўночнае рэгіянальнае ўпраўленне Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.
Меры ўведзеныя "з мэтай узмацнення кантролю за выкананнем памежнага рэжыму, папярэджання правапарушэнняў і абароны нацыянальнай бяспекі". Яны будуць дзейнічаць на тэрыторыі памежных раёнаў Ровенскай вобласці да 31 снежня гэтага года.
Сярод прынятых мер — забарона на начное перамяшчэнне транспарту і людзей па дарогах, якіх няма ў рэестры аўтадарог, што вядуць да пунктаў пропуску на мяжы. З гэтага часу забароненая стаянка транспарту на ўзбочынах дарог паміж лініяй дзяржмяжы і пунктамі пропуску, а таксама пасадка і высадка тут людзей, разгрузка або пагрузка маёмасці. У памежным раёне нельга будзе перавозіць людзей без дакументаў, а таксама выходзіць на ваду на любых плаўсродках.
Днямі міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў інтэрв'ю іспанскаму інфармацыйнаму агенцтву EFE казаў аб важнасці для ўступлення Украіны ў НАТА. Вытрымкі з інтэрв'ю цытуе агенцтва БелаПАН. Па словах кіраўніка ўкраінскага МЗС, гэты крок — адзіная надзейная гарантыя бяспекі краіны. Ён нагадаў, што Украіна з'яўляецца дэмакратычнай краінай, але "мяжуе на паўночным усходзе з глыбока недэмакратычнымі краінамі".
"Тут я павінен згадаць і Расію, і, на жаль, таксама Беларусь", — сказаў Кулеба іспанскім журналістам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.