Украіна зробіцца 33-м ці 34-м чальцом NATO — генеральны сакратар альянсу Рутэ

Марк Рутэ

Марк Рутэ / president.gov.ua

Новапрызначаны генеральны сакратар NATO Марк Рутэ пацвердзіў, што Украіна будзе чальцом Паўночнаатлантычнага альянсу. Паводле яго слоў, гэтая краіна можа зрабіцца 33 або 34 чальцом блока. Цяпер у NATO ўваходзяць 32 дзяржавы.

"Пакуль выглядае так, што Украіна будзе 33-м чальцом. Магчыма, перад імі з'явіцца нехта іншы. Але Украіна будзе сябрам NATO ў будучыні. Гэта тое, што мы вырашылі ў Вашынгтоне. Таму пытанне цяпер — у храналогіі", — прыводзіць словы Рутэ ўкраінскі рэсурс Hromadske.

Гэтую заяву кіраўнік альянсу зрабіў у Брусэлі, куды прыбыў на сустрэчу міністраў абароны краін NATO. Нагадаем, напярэдадні свой "план перамогі" агучыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Адзін з пунктаў гэтага плана — атрыманне запрашэння на ўступленне ў NATO. Рутэ падкрэсліў, што адказу на пытанне, калі менавіта Кіеў запросяць у альянс, у яго пакуль няма. "Я не магу даць на яго адказ цяпер, на гэты момант. Але мы працуем над усімі гэтымі напрамкамі, каб яны сапраўды аднойчы зрабіліся чальцом NATO", — адзначыў генеральны сакратар альянсу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі