Украінцы правялі ў Чарнобыльскай зоне вучэнні па контрдыверсійнай барацьбе
Падчас вучэнняў каля мяжы з Беларуссю
Украінцы правялі каля мяжы з Беларуссю, у прыватнасці ў Чарнобыльскай зоне, вучэнні па контрдыверсійнай барацьбе. У іх паўдзельнічалі вайскоўцы і памежнікі. Пра гэта паведаміў камандуючы Аб'яднаных сіл УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.
Паводле легенды вучэнняў, дыверсійна-разведвальная група перайшла мяжу Украіны і спрабавала прайсці ўглыб украінскай тэрыторыі. Яе своечасова заўважылі, узялі пад кантроль аператары, якія працуюць "з тэхнічнымі сродкамі маніторынгу і разведкі". На перахоп дыверсантаў быў высланы "контрдыверсійны рэзерв". Адначасова па ім нанеслі артылерыйскі ўдар, які карэктаваўся з беспілотнікаў і відэакамер, усталяваных на шляху руху дыверсантаў. Таксама быў здзейснены "падрыў мінна-выбуховых загарод". У выніку ў ДРГ нічога не атрымалася, яна была ліквідаваная.
Генерал Наеў кажа, што падобныя вучэнні дапамагаюць украінскім байцам быць "у пастаяннай гатоўнасці". На мяжы з Беларуссю працягваюць удасканальваць фартыфікацыйныя збудаванні і павялічваць колькасць тых жа відэакамер у лясах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.