Украінская газета: Расія нападае, каб сарваць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС

14 жніўня Федэральны мытны саюз Расіі занёс усіх украінскіх экспарцёраў у групу рызыкі. Украінская газета “Зеркало недели” сцвярджае, што дагляд украінскіх тавараў звязаны з жаданнем Украіны падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. І публікуе сенсацыйны дакумент з Крамля “Аб комплексе мер па ўцягванні Украіны ў еўразійскі інтэграцыйны працэс”. Асаблівая ўвага ў ім надаецца ўплыву на алігархаў, прыбліжаных да Віктара Януковіча.

“Зеркало недели” піша, што яшчэ нядаўна расійскія ўлады і не думалі пра гандлёвую вайну, бо не верылі ў магчымасць дыялога паміж Еўрасаюзам і Украінай, пакуль былая прэм’ер-міністарка Юлія Цімашэнка за кратамі. Але раптам спахапіліся.

“Зеркало недели”: “На пачатку чэрвеня Масква атрымала ашаламляльную інфармацыю з Берліна: фраў Меркель ужо не лічыць зняволенне Цімашэнкі непераадольнай перашкодай для падпісання Пагаднення”.

Газета сцвярджае, што ўкраінскія ўлады “праспалі” трывожныя сігналы з расійскай мяжы. Як перадае радыёстанцыя “Эхо Москвы”, нават цяпер украінскі прэм’ер Мікалай Азараў разам са сваім расійскім калегай Дзмітрыем Мядзведзевым сцвярджае, што ніякай “гандлёвай вайны няма”.

У той час як саветнік расійскага прэзідэнта па эканамічных пытаннях Сяргей Глазьеў ускосна пацвердзіў, што ўкраінскія фуры стаяць на мяжы не проста так. А калі Украіна падпіша важны дакумент з Еўрасаюзам, то дагляд можа стаць яшчэ больш жорсткім.

Што можа зрабіць Кіеў, каб выратавацца ад эканамічнага ціску? Звярнуцца ў міжнародныя арганізацыі, кажа дырэктар эканамічных праграм Цэнтра Разумкова Васіль Юрчышын:

“Цяпер, калі Украіна не звернецца ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ці ў Міжнародны валютны фонд, я думаю, пытанне гандлёвых складанасцяў з Расіяй не будзе вырашанае так, каб хоць крыху улічыць інтарэсы Украіны”.

Іншы эксперт, прэзідэнт Украінскага аналітычнага цэнтра Аляксандр Ахрыменка, увогуле раіць пасябраваць з Кітаем.

Аляксандр Ахрыменка: “Кітай — галоўны вораг Расіі. Чым больш мы будзем сябраваць з Пекінам, тым прасцей нам будзе працаваць з Масквой — такая заканамернасць. Таму што ў дадзеным выпадку ні Казахстан, ні Беларусь не дапамогуць. ЗША далёка”.

У сваю чаргу “Зеркало недели” раіць тэрмінова зладзіць кансультацыі з Еўракамісіяй, бо менавіта “праз любоў да ЕС” Украіна трапіла ў няміласць да Расіі.

У еўрапейскіх краінах, дарэчы, ужо заўважылі пахаладанне паміж Кіевам і Масквой. Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більд нават пракаментаваў сітуацыю ў “Твітары”:

“Расія пачынае ціхую гандлёвую вайну супраць Украіны, каб блакаваць яе адносіны з ЕС? Гэта можа быць вельмі сур'ёзна”.

Па некаторых ацэнках, калі нічога не зменіцца, жорсткі кантроль тавараў на ўездзе ў Расію толькі ў другім паўгоддзі можа каштаваць Украіне 2-2,5 мільярды долараў. 

Фота: uainfo.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі