Украінскі прэм’ер гатовы сысці ў адстаўку з-за асацыяцыі з ЕС
Мікалай Азараў лічыць, што меў поўнае права прыпыніць падрыхтоўку да асацыяцыі і што няма трагедыі, калі гэта адбудзецца пазней.
Кіраўнік украінскага ўраду гатовы скласці свае паўнамоцтвы, калі яго аргументы за прыпыненне перамоваў па Асацыяцыі з Еўрасаюзам неабгрунтаваныя. Пра гэта палітык заявіў у эфіры праграмы Шустэр live, каментуючы заяву дэпутата Давіда Жваніі пра тое, што прэм’ер-міністр і віцэ-прэм’ер павінны несці асабістую адказнасць за зрыў еўраінтэграцыі.
На думку Азарава, не будзе трагедыяй, калі Украіна вернецца да падрыхтоўкі падпісання пагаднення з ЕС праз паўгода, пасля кансультацыяў паміж Украінай, Расіяй і ЕС. Пры гэтым прэм’ер заявіў, што прыпыненне працэсу падрыхтоўкі пагаднення не азначае, што Украіна збіраецца ўступіць у Мытны саюз.
Увечары 21 лістапада на Майдан Незалежнасці ў Кіеве прыйшлі людзі, абураныя рашэннем ураду. Акцыю ўжо назвалі Еўрамайданам. Акруговы адміністратыўны суд Кіева на падставе звароту Кіеўскай гарадской адміністрацыі абмежаваў правядзенне мітынгаў і забараніў усталяванне намётаў у цэнтры сталіцы на перыяд з 22 лістапада па 7 студзеня 2014 года.
Аналагічныя акцыі праходзяць і ў іншых гарадах: у Львове, Харкаве, Ужгарадзе, Днепрапятроўску і Данецку, перадае zn.ua