Украінскія войскі ў раёне Ваўчанска "адышлі на больш выгадныя пазіцыі"

У раёне Ваўчанска ідуць упартыя баі

У раёне Ваўчанска ідуць упартыя баі / УНІАН

У раёнах Лук'янцаў і Ваўчанска ўкраінскія войскі "здзейснілі манеўр і перамясціліся на больш выгадныя пазіцыі", паведаміў увечары 14 траўня Генштаб УСУ. Гэты адыход патлумачаны жаданнем захаваць жыцці ўкраінскіх вайскоўцаў і пазбегнуць страт.

Тым часам баі на Харкаўскім кірунку працягваюцца. Як заяўляюць у Генштабе УСУ, падраздзяленні ўкраінскіх войск адбілі 11 нападаў праціўніка.

Пад вечар 14 траўня расіяне ўдарылі ракетай па жылой забудове цэнтральнай частцы Харкава. Як адзначае hromadske.ua, вядома пра 21 параненага — трох дзяцей, адзінаццаць жанчын і сем мужчын.

Ракета пацэліла ў дзясяты паверх шматкватэрнага жылога дома. Абышлося без пажару. Пашкоджаныя грамадзянскія аўтамабілі і гаражы, прынамсі 20 жылых і нежылых будынкаў, у тым ліку гандлёвы цэнтр, навучальная ўстанова, крамы ды інш.

Тым часам у ноч на 15 траўня акупацыйныя ўлады крымскага Севастопаля заявілі пра масіраваную ракетную атаку. Паводле кіраўніка горада Міхаіла Развазжаева, супрацьпаветраная абарона знішчыла некалькі ракет. Іх абломкі ўпалі ў сяле Полюшка і ў прыватным сектары Севастопаля.

Выбухі таксама былі чутныя каля вайсковага аэрадрома "Бельбек". Як піша hromadske.ua, першыя выбухі прагучалі каля другой гадзіны ночы, а за імі было чутно больш ціхія выбухі, падобныя да гукаў дэтанацыі боепрыпасаў.

Мінабароны РФ рапартуе пра адбітыя атакі ракет і беспілотнікаў над Белгародскай, Бранскай і Курскай абласцямі Расіі. Паводле словаў белгарадскага губернатара, паветраныя цэлі былі збітыя, але ад аскепкаў загарэўся прыватны дом і два чалавекі атрымалі раненні. А губернатар Растоўскай вобласці заяўляе пра атаку беспілотнікаў на паліўную базу. 

Украінскія войскі ў раёне Ваўчанска "адышлі на больш выгадныя пазіцыі"
Наступствы атакі па Белгарадскай вобласці / t.me/astrapress

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі