Улады чакаюць, што курс долара будзе 2,78 рубля ў 2023 годзе. Што гэта значыць?

У 2023 годзе ў беларусаў будуць праблемы больш сур'ёзныя, чым падаражанне долара / калаж Улада Рубанава
У 2023 годзе ў беларусаў будуць праблемы больш сур'ёзныя, чым падаражанне долара / калаж Улада Рубанава

Улады чакаюць, што ў 2023 годзе долар у сярэднім будзе каштаваць 2,78 рублёў. Зыходзячы з такой лічбы разлічваўся бюджэт на наступны год, кажа начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын.

На 7 снежня Нацбанк устанавіў, што долар каштуе 2,47 рубля. Выходзіць, у наступным годзе чакаецца падаражанне больш, чым на 30 капеек? На самой справе не абавязкова.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, ад чаго будзе залежаць курс долара ў 2023 годзе і ці паўплывае ён на дабрабыт беларусаў.
 

“Гэта напэўна значыць, што курс будзе меншы”

Прадказваць курсы валют ніхто не здольны, адзначае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

— Усе могуць разважаць толькі пра трэнды, якія могуць паўплываць ў той ці іншы бок. Але нейкі курс закладаць трэба [пры фармаванні бюджэту. — Еўрарадыё]. Урад думае, што бяспечна закласці такі курс. Фактычна гэта напэўна значыць, што курс будзе меншы, — кажа Львоўскі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук падкрэслівае, што звяртаць увагу на любыя лічбы, якія агучвае ўрад, не варта.

— Эканоміка ў Беларусі, як і ў Расіі, знаходзіцца ў фазе беспрэцэдэнтнай нявызначанасці. І ніхто не можа сказаць, як будзе. За паўгода Міжнародны валютны фонд, розныя рэйтынгавыя арганізацыі пагаршаюць у два разы прагнозы на 2023 год. А калі вы думаеце, што ў Беларусі ёсць эканамічная навука і яна карыстаецца дадзенымі, якія можна праверыць, вы памыляецеся.
 

Рубель могуць аслабіць санкцыі і ўрад

Власти ждут, что доллар будет стоить 2,78 рубля в 2023 году. Что это значит?
Нацыянальны банк хоча стабільны курс , але ёсць шмат іншых жаданняў уладаў / Еўрарадыё

Курс долара залежыць ад таго, што будзе рабіць урад і што будзе з курсам расійскага рубля. Ад уладаў ідуць супярэчлівыя сігналы. Мяркуючы па іх планах, грошай у эканоміцы будзе станавіцца больш, у тым ліку надрукаваных. Гэта працуе на паслабленне беларускага рубля.

Власти ждут, что доллар будет стоить 2,78 рубля в 2023 году. Что это значит?
Долар можа быць танным, але ці будзе за што яго купіць? / Еўрарадыё

Можна жыць з нізкім курсам долара, але з меншымі заробкамі і большымі цэнамі. Так і адбывалася ў апошнія месяцы.

У Савецкім Саюзе людзі таксама думалі, што атрымліваюць шмат грошай, таму што долар быў 64 капейкі, але рэдка хто бачыў тыя долары. У Беларусі, калі радыкальна знізіўся попыт на паездкі, на тавары, гэта [нізкі долар. - Еўрарадыё] выгадна для людзей, якія могуць купляць долар па 2,4-2,6, але падман, які хутка скончыцца. Людзі, якія думалі, што ў іх заробкі, як Лукашэнка абяцаў, у наступным годзе будуць больш за 700 долараў, могуць глыбока расчаравацца. Калі будзе не 500 плюс 200, а 500 мінус 200. Няма ніякіх падстаў для таго, каб у Беларусі была стабільная макраэканамічная сітуацыя, цэны і стабільны курс, — кажа Яраслаў Раманчук.

Наогул курс — гэта не самы галоўны паказчык паспяховасці эканомікі або дабрабыту людзей, адзначае Леў Львоўскі.

Нас павінна больш цікавіць, што будзе з рэальнымі заробкамі, што будзе з ростам ВУП. Тут у нас занадта добрых навін няма. Калі здараецца звычайная рэцэсія, можна меркаваць, што яна скончыцца і эканоміку будзе ў нейкай будучыні чакаць аднаўленчы рост. У нас незвычайная рэцэсія. Яна выкліканая тым, што адпадаюць знешнегандлёвыя партнёры. Так, Расія наш галоўны гандлёвы партнёр, але на другім і трэцім месцы былі Еўрапейскі Саюз і Украіна. І там усё кепска.
 

“Калі Расія не дасць грошай, усё будзе даражэць, а рубель таннець”

Власти ждут, что доллар будет стоить 2,78 рубля в 2023 году. Что это значит?
Можа, чыноўнікам, як дэпутату Яўгену Зайцаву на фота, прыйдзецца зноў маніторыць цэны / brestcity.com

Ніхто не адмяняў і санкцыі.

Таму мы не можам чакаць нейкі аднаўленчы рост з гэтай рэцэсіі. У наступным годзе, калі новых рызык не рэалізуецца, мы будзем вельмі паступова аднаўляцца за кошт таго, што эканоміка проста прывыкае да санкцый і адаптуецца, — працягвае Леў Львоўскі. — Яшчэ могуць быць такія "падарункі", як эмісія грошай, запуск інвестпраграм. Іх фінансаваць няма чым, таму мяркуецца павелічэнне дэфіцыту бюджэту. І няма нашто — гэта не кароткачасовы крызіс. Гэта проста будзе напампоўванне бюджэту, як у старыя добрыя часы. Напэўна, не так груба, як гэта рабілася пры Пракаповічу, але тым не менш.

Інвестпраграмы ці расійскія грошы могуць часова палепшыць становішча, але сутнасці становішча спраў гэта не памяняе.

Усё, што мы маем — ужо ў ручным кіраванні. Калі ў наступным годзе Расія не дасць нам 3,5 млрд долараў, на якія ўлады разлічваюць, тады ўсё будзе даражэць, беларускі рубель будзе таннець. І тады мы ўбачым набліжэнне Беларусі да рынкавай эканомікі, ад якой у 2022 годзе Беларусь, безумоўна, адышла, — падсумоўвае Яраслаў Раманчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі