Улады не дапусцілі людзей на развітанне з Вольгай Завадскай

Вольга Завадская / "Белсат"
Вольга Завадская / "Белсат"

Улады не дапусцілі людзей на развітанне з Вольгай Завадскай, паведамляе "Белсат".

Сваякі нябожчыцы прыехалі на жалобную цырымонію разам і троху раней за прызначаны час. Супрацоўнікі крэматорыя адразу запрасілі іх у залу і зачынілі за імі дзверы. Праз некалькі хвілінаў ім сказалі, што ніхто больш не прыйшоў, і пачалі цырымонію развітання.

У фае крэматорыя прыходзілі людзі з кветкамі. Да іх адразу падыходзілі мужчыны ў цывільным і пыталіся, з кім яны прыйшлі развітацца. Пачуўшы пра Вольгу Завадскую, адразу казалі, што такой тут няма. Яны раілі ісці на Паўночныя могілкі, дзе нібыта мусіла адбывацца развітанне. Ахоўнікі на могілках сказалі людзям, што ніякіх пахаванняў не было і ў гэты дзень не плануецца.

Дарэчы, некаторыя вярталіся зноў у крэматорый і казалі, што дакладна ведаюць пра развітанне з Вольгай Завадскай. Аднак гэтыя мужчыны заяўлялі пра памылку, пакуль з жалобнай залы не выйшлі сваякі Завадскай.

Як распавядала Еўрарадыё, Вольга Завадская памерла 25 траўня. Яе сын Дзмітрый быў аператарам у журналісцкім пуле Аляксандра Лукашэнкі, але потым сышоў з пула і стаў супрацоўнічаць з Паўлам Шараметам для тэлеканала ОРТ.

7 ліпеня 2000 года Дзмітрый Завадскі знік у мінскім аэрапорце, куды паехаў сустракаць Шарамета. У яго выкраданні абвінавацілі двух экс-афіцэраў МУС — Валерыя Ігнатовіча і Дзмітрыя Маліка. Ім прысудзілі па 10 гадоў пазбаўлення волі. Ні Ігнатовіч, ні Малік не прызналі сваёй віны, а факт забойства даказаны не быў. Цела Дзмітрыя Завадскага так і не знайшлі, суд прызнаў яго памерлым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі