Уладзімір Каранік расказаў пра сітуацыю з COVID у Гродне і заклікаў насіць маскі
Уладзімір Каранік / sb.by
Гродзенская вобласць выйшла на плато па захворвальнасці на COVID-19, заявіў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік на сустрэчы са студэнтамі мясцовага ўніверсітэта.
Паводле яго слоў, у вобласці ўжо некалькі тыдняў не расце колькасць пацыентаў з ВРВІ і пнеўманіяй. Больш за тое, апошнім часам ідзе невялікае зніжэнне іх колькасці.
"І, што яшчэ прыемна, мы не дасягнулі піку леташніх значэнняў — у нас захворвальнасць сёлета ніжэйшая, чым год таму", — сказаў Каранік.
Такая сітуацыя абумоўленая, паводле яго словаў, паспяховай вакцынацыяй работнікаў, якія па родзе дзейнасці абавязаныя шмат камунікаваць з іншымі людзьмі. У Гродзенскай вобласці, у прыватнасці, вакцынаваныя больш за 90% медработнікаў і больш за 70% педагогаў.
Актыўна прышчапляліся і пенсіянеры. Прышчэпкі зрабілі больш за 70% людзей, старэйшых за 61 год.
Ці захаваецца тэндэнцыя "і ці будзем мы назіраць далейшае зніжэнне захворванняў — шмат у чым залежыць ад саміх жыхароў", адзначыў Каранік. Неабходна выконваць правілы паводзін падчас пандэміі і актыўна вакцынавацца.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што "прышчэпка — гэта не падстава ўключаць "рэжым неўміручасці". Таму кіраўнік Гродзенскай вобласці, які раней узначальваў Міністэрства аховы здароўя, а да таго працаваў доктарам, заклікаў насіць маскі ў грамадскіх месцах.
Раней Аляксандр Лукашэнка падчас нарады, прысвечанай сітуацыі з каранавірусам у Беларусі, запатрабаваў адмяніць абавязковы масачны рэжым у краіне. З грамадскага транспарту і гандлёвых цэнтраў пачалі спешна прыбіраць напамінкі аб неабходнасці ў пандэмію насіць маскі.
Між тым у канцы мінулага тыдня міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч казаў, што інтэнсіўнага зніжэння захворвальнасці на COVID-19 у Беларусі пакуль не назіраецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.