Уладзімір Няпомняшчых: калі нас выйдзе шмат — міліцыя стане на бок народа
Уладзімір Няпомняшчых / Еўрарадыё
— Моўчкі выйсці, нават без усялякіх лозунгаў і заклікаў. Моўчкі выйсці і стаяць, — так удзельнік прэзідэнцкай кампаніі Уладзімір Няпомняшчых уяўляе сабе "Плошчу-2020". Маўчаць — каб не справакаваць сілавікоў на стральбу, тлумачыць былы оперупаўнаважаны, цяперашні пенсіянер і "кандыдат пратэсту". У праграме "Кандыdating" на Еўрарадыё ён кажа, што рэвалюцыя можа адбыцца без крыві. І наогул, рэвалюцыя — гэта прагрэс, рух наперад. А не нешта дрэннае, як нас хочуць пераканаць.
"Плошча" — як у Арменіі
— Я, як кандыдат пратэсту, стаю ў пікетах і заклікаю людзей: калі Лукашэнка не здыме сваю кандыдатуру а Ярмошына не пойдзе ў адстаўку — байкатаваць выбары, не хадзіць. Тым больш цяпер ёсць уважлівая прычына — каранавірус. А калі выбары пройдуць і народ зразумее, што гэта сфальсіфікавана, трэба ісці на "Плошчу". Калі нас выйдзе мала — нас будуць біць, як білі ў 2010 годзе. Але калі шмат — я больш чым упэўнены, што міліцыя ўстане на бок народа. Далёка не трэба хадзіць: Арменія — жывы прыклад. Людзі выйшлі, пастаялі тыдзень — улада змянілася без аніводнага стрэлу і без аніводнай кроплі крыві.
Людзі капаюць бульбу лапатамі — гэта маразм
— Сілавікі ж таксама з народа. У іх што, жонкі знаходзяцца ў добрых умовах, дзеці? У іх таксама дзеці думаюць, куды звінціць далей — у тую ж Польшчу, Прыбалтыку, дзе лепшае жыццё. Што мы, не разумеем ці што, у што Аляксандр Рыгоравіч за 26 гадоў ператварыў квітнеючую краіну? Я не ўтрырую — сярод рэспублік былога СССР Беларусь была на вышыні: і патэнцыял, і тэхналогіі. А што цяпер? Захаваў на заводах такарныя станкі з 90-х, дзе рукамі трэба гайкі круціць. Бульбу людзі капаюць лапатамі! Гэта маразм.
Трэнерам па хакеі
— Пасля "Плошчы" знойдуцца актывісты, адукаваныя людзі: той жа Статкевіч, Ціханоўскі. Знойдзем, каго паставіць кіраваць краінай. Галоўнае, каб Лукашэнка пайшоў у адстаўку. Прапаную прызначыць яго трэнерам зборнай па хакеі — я не крыважэрны. А то кажуць, што Няпомняшчых тут крыві хоча. Я крыві не хачу.
Нідзе не знайсці праўды
— Я не багаты, не бедны — я нармальны. Мог бы сядзець, даруйце, калупацца ў носе і ні на што не звяртаць увагі. Але я не магу, калі мае суседзі жывуць дрэнна. Таму раблю тое, што ў маіх сілах. Мне не сорамна дзецям глядзець у вочы, унукам і суседзям. Так, я пакутую, ды мне і пальцы ламалі, і шыю выварочвалі, і нідзе праўды не знайсці. Як можна жыць у краіне, дзе не знайсці праўды?
Ну, сядзіце дома, чакайце
— Калі Лукашэнка не будзе добраахвотна сыходзіць, я ні ад кога не хаваю, што можа быць кроў, але гэтай крыві будзе нашмат менш, чым загінула людзей за час яго кіравання. Можа, і я загіну. А як па-іншаму? Ну, сядзіце дома, чакайце, што Няпомняшчых са Статкевічам нешта зробяць. Мы не зробім. Я магу толькі быць побач, з народам. Я асабіста гэта ўсё раблю для сябе.
Нават называюць пердуном
— Мяне многія абвінавачваюць, што я занадта стары [Уладзімір Няпомняшчых нарадзіўся ў 1952 годзе. — Еўрарадыё]. І нават называюць пердуном. Але калі б я ў гэтым узросце трапіў "туды", я б пры ўсім маім жаданні не сядзеў бы 26 гадоў. Ад сілы пасядзеў бы год і пайшоў. Але за гэты год я б адмяніў усе дэкрэты і ўказы, якія робяць беларускі народ рабамі, вярнуў бы Канстытуцыю 1994 года і дапрацаваў бы яе ў адпаведнасці з цяперашнім часам, разагнаў бы цяперашні парламент, адкрыў бы архівы, скасаваў бы пасаду прэзідэнта. АМАП, які збівае людзей, КДБ, якое накіроўвае на гэта, прызнаў бы злачыннымі арганізацыямі. А работнікаў судоў, пракуратур — удзельнікамі злачынных арганізацый, і ў дачыненні да іх правёў бы люстрацыю. Усе чыноўнікі, аднойчы схлусіўшы, павінны былі б пайсці ў адстаўку.
Рэвалюцыя — гэта добрае слова
— Я ні разу не сказаў, што хачу праліць кроў. Калі хто і пралье кроў — дык гэта Лукашэнка. А рэвалюцыя — гэта добрае слова. Гэта прагрэс, рух наперад. А нам убіваюць у мазгі, што гэта дрэнна.
Пагаджуся, але не пацісну рукі
— Калі выбары пройдуць сумленна, я не пацісну рукі Лукашэнку. Але пагаджуся з тым, што здарылася. Скажу: так, ён перамог, пытанняў няма. Рукі я яму не падам, таму што я яго не паважаю і цяпер каранавірус. Але тады і "Плошча" будзе не патрэбная. Я падымуся на трыбуну і скажу: прабачце што адарваў ад працы. Ідзіце па дамах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.