Уладзімір Зяленскі выйшаў на першае месца ў прэзідэнцкай гонцы ва Украіне
Уладзімір Зяленскі выйшаў на першае месца ў прэзідэнцкай гонцы ва Украіне. Яго падтрымліваюць 19% тых, хто ўжо вызначыўся і мае намер галасаваць. На другім месцы — Юлія Цімашэнка (18,2%), на трэцім — Пётр Парашэнка (15,1%). Цімашэнка ў другім туры можа перамагчы Парашэнку, але прайграе Зяленскаму. Вынікі апытання, якое было праведзена 16-24 студзеня, агучыла сацыялагічная група "Рэйтынг", інфармуе УНІАН.
Між тым Пётр Парашэнка і Юлія Цімашэнка сталі лідарамі па маштабах і інтэнсіўнасці агітацыі ў студзені 2019-га. Уладзімір Зяленскі выкарыстоўвае розныя формы агітацыі, але не праводзіў маштабных кампаній у рэгіёнах, паведамляе сайт hromadske.ua.
Зяленскаму 40 гадоў. Ён — прадусар, шоўмэн, кінаакцёр, сцэнарыст, лідар студыі "Квартал-95". Зняўся ў папулярным серыяле "Слуга народа", трэці сезон з'явіцца напярэдадні выбараў. У ім ён выканаў ролю настаўніка гісторыі, а пасля — прэзідэнта Украіны Васіля Галабародзькі. Зяленскі называе сябе заможным чалавекам.
Прэзідэнцкія выбары ва Украіне прызначаныя на 31 сакавіка 2019 года.