Уласнае жыллё і рабскія адпрацоўкі. Як дзяржава спрабуе падкупіць лекараў
У кабінеце лекара / istockphoto.com
"Папрацуйце 14 гадоў, а потым адзін пстрык пальцамі і — ой, не працягнулі кантракт", — так каментуе Еўрарадыё доктар-гінеколаг Станіслаў Салавей ініцыятыву дзяржавы даць медыкам магчымасць выкупляць арэнднае жыллё, у якім яны жывуць.
Паводле міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, такая норма прапісаная ў новым праекце ўказа, які ляжыць на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта.
"У праекце ёсць норма, якая дазволіць медыкам, якія займаюць арэнднае жыллё, праз 15 гадоў выкупляць яго", — удакладняе чыноўнік.
Ці можна кватэрай "прывязаць" лекараў да Беларусі?
Многія эксперты перакананыя, што перспектыва набыцця арэнднага жылля — гэта спроба беларускіх уладаў прывязаць вайскоўцаў (якім яе анансавалі раней) і медыкаў да працоўных месцаў. Маўляў, такім чынам лекары перастануць масава пакідаць краіну.
Вось што думае з гэтай нагоды Станіслаў Салавей:
— Па-першае, пакуль гэта толькі праект указа, які знаходзіцца на разглядзе. Разглядаць яго могуць і пяць гадоў, і дзесяць.
Першы падводны камень з таго, што нам анансуюць, — гэта з якога моманту будзе пачынацца адлік часу арэнды жылля. Ці будзе, напрыклад, залічвацца час, які людзі ўжо ў ім пражылі, або адлік пачнецца з моманту выхаду ўказа? Гэта цалкам мяняе справу.
Другі момант: трэба пражыць у арэндным жыллі 15 гадоў. То бок, калі ты змяняеш месца працы, цябе могуць аўтаматычна яго пазбавіць, нават калі новае месца будзе ў межах аднаго горада? Чаму я звярнуў на гэта ўвагу? Таму што — размеркаванне. Узгадайце, як шмат медыкаў звольнілі за апошнія два гады, якім проста не працягнулі кароткатэрміновыя кантракты. А з улікам таго, што практычна ва ўсіх кароткатэрміновыя кантракты, іх могуць не працягнуць у любы момант. Адпаведна, медыка высяляюць з яго арэнднага жылля і далей ён ідзе рабіць, што хоча.
Трэці момант — выкуп жылля. Пакажыце, які будзе кошт, таму што проста купіць жыллё ў цяперашні час — абы-што сабе задавальненне. Пакуль шмат абяцанняў і нічога аформленага. Але мэта зразумелая — зрабіць так, каб лекары заставаліся ў Беларусі.
“Спалучыць уролага з ЛОРам у адным лекары даволі складана”
Сярод навін, агучаных Піневічам, — сумяшчэнне службовых абавязкаў медыцынскіх работнікаў. Напрыклад, гінеколагі павінны самі рабіць УГД, а тэрапеўты — асвоіць функцыянальную дыягностыку.
— Тут усё зразумела, — працягвае Станіслаў Салавей. — Лекараў не хапае, і таму адзін спецыяліст будзе працаваць і практолагам, і гастраэнтэролагам, і хірургам, і эндаскапістам. Ва ўсім свеце ёсць практыка, калі гінеколаг і кардыёлаг робяць УГД самастойна. Але спалучыць уролага з ЛОРам у адным лекары даволі складана.
У нас на практыцы хірургі на адным раёне закрываюць і ЛОРа, і практалогію, і ўралогію, і траўму. Проста няма лекараў. Як гэта будзе афармляцца юрыдычна — пытанне цікавае, таму што ў Беларусі і так вельмі кароткая паслядыпломная падрыхтоўка. Проста непрыстойна кароткая! І перападрыхтоўка таксама. Умоўна кажучы, ты быў неўролагам, а хочаш стаць кардыяхірургам, — ідзі на паўгода ў Акадэмію БелМАПА. Як яны хочуць зрабіць сумяшчэнне, не атрымліваючы дадатковай спецыялізацыі, незразумела. Вось за такі скарочаны тэрмін? Ці, выходзіць, што яны з хірурга зробяць ЛОРа, а з гінеколага — уролага за месяц? Гэта наогул смешна.
Калі гаворка ідзе пра тое, каб увесці УГД чыста ў плане ультрагукавой дыягностыкі, то гэта ўжо даўно пара зрабіць. Каб пасля нейкага кароткага курсу навучання гінеколаг мог рабіць ультрагукавое даследаванне самастойна, але выключна ў рамках гінекалогіі, а не тое, што ён будзе даследаваць сэрца або печань. Але калі гэта сумяшчэнне будзе ў выглядзе ланцужка неўролаг+кардыёлаг+гастраэнтэролаг пасля месячных курсаў, то атрымаецца затыканне дзюрак, якое выразна паказвае, што нарастае дэфіцыт кадраў.
Мне помніцца, што ў 2020 годзе пагражалі павялічыць рэзідэнтуру, гэта значыць час паслядыпломнай працы-падрыхтоўкі для лекара да 2-3-х гадоў, як, увогуле, у цывілізаваным свеце гэта і адбываецца. Але прайшло два гады і пра рэзідэнтуру нічога не відаць і не чуваць. Наўрад ці яе ўвядуць, таму што з улікам дэфіцыту, яны не адмовяцца ад штогадовага ўлівання 2,5 тысяч кадраў у медыцыну пасля інтэрнатуры. Калі ўвесці рэзідэнтуру сёння, гэты выпуск будзе адтэрмінаваны на два гады. Адпаведна ў цябе яшчэ хутчэй будзе змяншацца колькасць лекараў. Так што абяцанкі — цацанкі, а дурню радасць. Вядома, можна казаць: "плануецца", "збіраецца", "будуецца"... З тым жа тэмпам можна пабудаваць і камунізм, і светлую будучыню.
Больш мэтавікоў, менш платнікаў. Навошта?
У выпадку прыняцця ўказа, змены закрануць і медыцынскія ВНУ. Напрыклад, чакаецца памяншэнне набору на платнае аддзяленне і рост колькасці мэтавікоў. Да чаго гэта можа прывесці?
Станіслаў Салавей нагадвае, што Лукашэнка ўжо даўно крычаў пра адпрацоўкі па дзесяць гадоў і гэтак далей. Па сутнасці, усё паступова да гэтага і ідзе, толькі пад маркай мэтавага накіравання.
— Калі раней на мэтавым навучалася мала студэнтаў, то цяпер хочаш атрымаць медыцынскі дыплом — ідзі на мэтавае і потым пяць гадоў адпрацоўвай. Было два гады адпрацоўкі, цяпер стала пяць. Такі вось спосаб павялічыць адпрацоўку, не змяняючы фармальна законы. Зразумела і скарачэнне платнікаў. У свой час іх нарошчвалі, можа быць, з жаданнем зарабіць грошай, цяпер абставіны іншыя. На платным можна навучаць і замежнікаў. Больш мэтавікоў — гэта мэта павялічыць размеркаванне і адпрацоўку лекарам з двух да пяці гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.