Unia “Едзем”
“Базар бальшой разбазарыўся”
Мінскі фолк-рок-гурт Unia выдаў свой другі альбом пад назвай “Едзем”. Дэбютнік каманды “Долам” датуецца 2008 годам і, як можна зразумець, ужо з таго часу гурт цалкам сабой задаволены, таму ў эксперыменты не пускаецца і далёкіх крокаў у бакі не робіць.
“Едзем” складаецца з фальклорных “стандартаў”, некаторыя з якіх усім знаёмыя яшчэ па школьных уроках спеваў (песню пра тое, як “Базар бальшой разбазарыўся”, напэўна, ведаюць нават тыя, хто не наведваў “Дажынкі” нават у страшным сне), і дзвюх песень з аўтарскімі тэкстамі. Што тычыцца аранжыровак усяго гэтага матэрыялу, то тут сутыкаемся з не зусім арганічнай стылістычнай мяшанкай, якая да ўсяго цяжкавата ўспрымаецца з-за даволі пасрэднай якасці запісу.
Знаўцам і аматарам беларускай народнай музыкі пласцінка наўрад ці будзе цікавая, бо нічога новага, як, уласна,і старажытнага, Unia не прапануе. Відавочна, гурт апошнія 4 гады пасля выхаду дэбютніка не калясіў з экспедыцыямі па глыбінцы, а выкарыстаў даступны “хрэстаматыйны” матэрыял, не спрабуючы яго неяк “хітра” ітэрпрэтаваць.
А вось тыя, хто любіў музыку гурта “нагамі” могуць быць цалкам задаволеныя. Новы рэпертуар цалкам дазваляе працягваць танчыць — тым больш, многія песні з пласцінкі Unia ужо даўно выконвае на канцэртах.
Што тычыцца гучання альбома, то яно пакідае ў разгубленасці. Сумбурныя гітарныя партыі і няхітрыя сола больш нагадваюць накіды сярод працоўнага матэрыялу, чым гатовы музычны прадукт. Цэлых трое вакалістаў гучаць даволі “дзяжурна”, цвёрда трымаючыся ў межах псеўданароднай стылістыкі, характэрнай для калектываў цётачак у сінтэтычных вышыванках і “каронах” з пластмасавых кветак, якія прывычна аздабляюць усе дзяржаўныя вулічныя гулянні. Усё гэта вянчае відавочны брак у звядзенні і майстарынгу, у выніку чаго, напрыклад, цягам амаль усяго альбома вам давядзецца напружвацца, каб разабраць нешта за “тлустым” басам.
Галоўны эксперымент Уніі на іх другім альбоме — гэта аўтарскі тэкст у песнях “З-пад белага камушыка” і “Я скакала”, на жаль, цяжка назваць паспяховым. У аснове абедзвюх — вельмі падобныя рэчытатыўныя куплеты ў выкананні вакаліста Антона Казельскага ў выніку чаго, у даволі схематычным ню-метал аздабленні, гэтыя трэкі выглядаюць блізнятамі без твараў.
Акрамя народнага беларускага матэрыялу на пласцінцы знайшлося месца і для адной украінскай песні “Ой, на горi”, што цікава, пры яе праслухоўванні ў свядомасці нечакана ўсплывае вобраз колішняй зоркі Еўрабачання, паспяхова ўсімі забытай украінскай спявачкі Русланы.
А вось “Крывы танец” з ухілам у джаз-фанк-стылістыку — напэўна, можна назваць найлепшым вынаходніцтвам Unia на гэтым дыску. Нягледзячы на адчуванне недахопу эмацыйнасці ў вакале, гэты трэк выглядае найбольш прывабным, а яго аранжыроўка найбольш акрэсленай сярод усіх 10-ці кампазіцый “Едзем”.
Такім чынам, Еўрарадыё з 10 балаў аддае “Уніі” за яе дугі альбом — 5 і раіць духоўна і прафесійна развівацца. Інакш, самі ведаеце, што...