Упраўленне “К” распавяло, як вірус Petya трапіў у камп’ютары беларускіх кампаній

Упраўленне “К” распавяло, як вірус Petya трапіў у камп’ютары беларускіх кампаній

Упраўленне па раскрыццю злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (Упраўленне “К”) МУС нашай краіны распавяло, як вірус Petya трапіў у камп’ютары шэрагу буйных беларускіх кампаній (назвы кампаній не агучваюцца). Яны звярнуліся з гэтай нагоды да праваахоўнікаў. Заражаныя файлы дасылалі пад выглядам рэзюмэ, фінансавых справаздач, іншай уваходзячай дакументацыі ці маскіраваліся пад архіў з дакументамі. Насамрэч вірус з’яўляецца EXE-файлам, пасля яго запуску загрузіць аперацыйную сістэму ўжо немагчыма. Прэс-служба МУС адзначае, што вірус Petya найперш пагражае фінансавым і бухгалтарскім падраздзяленням. Мэтай зламыснікаў з’яўляецца блакіроўка каштоўнай інфармацыі.

Палкоўнік міліцыі Вадзім Усціновіч, начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, кажа, што вірус-шыфравальшчык Petya вывучаецца спецыялістамі, аднак збор дадзеных, іх аналіз і мерапрыемствы па высвятленню асоб распрацоўшчыкаў патрабуе часу. “Настойліва рэкамендуем грамадзянам не прадпрымаць ніякіх дзеянняў, а пры з’яўленні на маніторы камп’ютара патрабавання “выкупу” за дэшыфроўку звяртацца ў міліцыю”, — заявіў Усціновіч. Праваахоўнікі раяць выкарыстоўваць складаныя паролі, карыстацца толькі ліцэнзійным праграмным і антывірусным забеспячэннем, пастаянна іх абнаўляць. Таксама беларусам трэба быць пільнымі пры атрыманні паведамленняў па электроннай пошце ад незнаёмых людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі