Упусціць пратэстоўцаў у дом або зачыніць дзверы: два пункты гледжання

Жаночы марш салiдарнасцi / svaboda.org
Жаночы марш салiдарнасцi / svaboda.org

Мінчане працягваюць падчас разгону мітынгаў адкрываць для пратэстоўцаў дзверы пад'ездаў, а часам — і ўласных кватэр. Пасля акцыі 25 кастрычніка ў сеціве з'явілася відэа затрымання ў адным з такіх дамоў.

Сітуацыю ўжо каментавалі і Аляксандр Лукашэнка, і экс-кіраўнік МУС Юрый Караеў. З аднаго боку, яны запэўніваюць, што пратэстоўцы трапляюць у кватэры супраць волі гаспадароў - ці ледзь не ўзломваючы дзверы. З іншага — што сілавікі, даганяючы людзей у чужых дамах, дзейнічаюць у рамках закона.

Напярэдадні чарговага нядзельнага мітынгу Еўрарадыё пагутарыла з сям'ёй, якая аднойчы прытуліла ў сваёй кватэры 20 чалавек. Кажуць, што ні відэа брутальнага затрымання, ні тлумачэнні МУС не прымусяць іх у наступны раз паступіць інакш.

Мы таксама папрасілі падзяліцца сваёй пазіцыяй прыхільніка дзеючай улады. Ён шчыра лічыць, што, упускаючы пратэстоўцаў у свае кватэры, людзі ставяць эмоцыі вышэй за закон.
 

"Калі трэба ратаваць людзей, палітычныя прыхільнасці на другім плане"

Калі пад вокнамі Мікалая (імя зменена) пачалі выбухаць светлашумавыя гранаты, ён спусціўся да дзвярэй пад'езда і ўпусціў у дом 12 незнаёмых чалавек. Праз некаторы час за другой партыяй - яшчэ дзясяткам незнаёмцаў — адправілася яго жонка.

— У мяне тады рукі ходырам захадзілі. З акна было відаць, што пратэстоўцы рынуліся хто куды, у жывёльным жаху. Я быў упэўнены, што хтосьці заскочыў да нас у пад'езд, і каб людзі не кідаліся там, як загнаныя, упусціў іх у кватэру.

Гэта быў не першы мітынг, падчас якога калоны пратэстоўцаў праходзілі пад вокнамі Мікалая. Раней ён проста апранаў белую майку, падыходзіў да вакна, вітаў пратэст. Але заўсёды быў гатовы адчыніць дзверы пад'езда, калі мітынг для пратэстоўцаў пойдзе не па плане.

У той дзень сілавікі для разгону ўжылі светлашумавыя гранаты і гумовыя  кулі.

— Дзіця гістэрыку злавіла.

— Не страшна было ўпускаць незнаёмых людзей у кватэру, калі дома дзіцё?

— Дзіцяці яшчэ жыць у гэтай краіне. З усіх, хто тады забег да мяне ў кватэру, усе былі разумныя людзі. Так, у стрэсе, але і ў мяне самога рукі трэсліся. Чалавек пяць-сем - мужчыны, абсалютна разумныя людзі. Астатнія — маладыя дзяўчынкі да трыццаці гадоў. Былі тыя, хто ўжо пабываў на Акрэсціна. Яны трымаліся жыўчыкам, дзейнічалі выразна, тэлефанавалі сваім.

Мікалай тлумачыць, што было адной з галоўных прычын, па якой ён адчыніў дзверы для незнаёмых людзей.

— На ўласныя вочы бачыў: сілавікі даганялі мужчыну. Ён сам спыніўся, але яго збілі з ног, а потым падбеглі і білі яго. Навошта? Ёсць жа працэдура затрымання.

Калі ўсё скончылася, большасць "гасцей" раз'ехалася. Засталося толькі тры чалавекі.

— Тры дзяўчыны. Вырашыў пайсці купіць бутэльку піва. Пагаварылі, пасядзелі. Усе прыемныя людзі, разумна глядзяць на рэчы, хоць і маладыя. Хочуць лепшага — для сябе, для дзяцей. Усе, з кім я гаварыў у той вечар, прызнаваліся: галоўнай прычынай, па якой выйшлі на пратэст, стала лічба "80%" у выніках выбараў.

А праз некалькі дзён, калі Мікалай вярнуўся дадому пасля працы, жонка сустрэла яго фразай — "Ні за што не здагадаешся, хто прыходзіў".

— Захадзілі ў госці тыя самыя дзяўчыны, прынеслі дзіцяці — цэлую сумку кіндэр-сюрпрызаў, шакаладу, торт, садавіну, гародніну, каўбасы, сыры. І бутэльку піва — сказалі, што такога смачнага піва, як у той вечар, пасля мітынгу, ніколі ў жыцці не каштавалі.

Са сваякоў Мікалая толькі яго мама падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Але калі сын распавёў ёй пра тое, што бачыў з акна дома, паказаў відэа, яна падтрымала яго - хоць сваёй палітычнай пазіцыі не змяніла.

— Калі справа даходзіць да таго, што трэба ратаваць людзей, палітычныя прыхільнасці адыходзяць на другі план.
 

"Людзі ставяць эмоцыі вышэй за закон"

Суразмоўца Еўрарадыё Уладзіслаў стаіць на іншых пазіцыях. Ён пагадзіўся расказаць, чаму ён не адчыніў бы дзверы пад'езда і тым больш кватэры пратэстоўцам.

— Як бы я ні ставіўся да пратэстоўцаў, мяне ў прынцыпе вучылі не пускаць чужых не тое што ў кватэру, але нават у пад'езд, гэта рацыянальныя меркаванні бяспекі. Людзі ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, масава парушаюць закон, што перашкаджае ім ужо ў кватэры штосьці ў мяне скрасці цішком, напрыклад? Я адзін ад натоўпу не абаронены. А свядомасць у людзей ужо іншая, яны не паважаюць закон як мінімум выхадам на пратэсты, а значыць, і не баяцца адплаты, і здольныя на што заўгодна ў рамках пажаданняў сваёй волі.

Яшчэ адна прычына, па якой Уладзіслаў не стаў бы дапамагаць удзельнікам мітынгу, — магчымыя дзеянні ў адказ праваахоўнікаў.

— Праваахоўнікі маюць права пры пераследзе патрапіць і ў дом, і ў кватэру, і я б не хацеў патрапіць у няёмкую сітуацыю, дзе я з эмпатыі і жалю стаўлю сябе вышэй за законы. Дарэчы, пра эмпатыю і жаль. Калі б справа адбывалася ў жніўні, калі было больш простых адэкватных людзей, асабліва дзяўчат, гэта было б адно і кагосьці можна было б тэарэтычна пусціць, бо людзі па эмоцыях, па дурасці туды патрапілі. Але цяпер, праз тры месяцы папярэджанняў і іншага, адэкватныя людзі туды не ходзяць, затое адбылася радыкалізацыя, агрэсіўныя малойчыкі і мужчыны самі правакуюць пачынаць іх разганяць.

 

Уладзіслаў лічыць, што такіх людзей пускаць у кватэру можа быць проста небяспечна.

— Як вынік, я хацеў бы сказаць, што калі пратэстоўцы зараз успрымаюць тое, што адбываецца як рэвалюцыю, то ім бы варта было і паводзіць сябе годна, прымаць удар і змагацца, як сапраўдныя рэвалюцыянеры, а не паводзіць сябе ганебна, уцякаючы і просячы прытулак у ні ў чым не вінаватых грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у пратэстах, тым самым падстаўляючы іх! Калі свядома парушаеце, то і нясіце адказнасць за сваё рашэнне самі! Гэта па-даросламу.

Калі ж чалавек гатовы прыняць у сябе дома мітынгоўцаў, то ён або сам спачувае пратэстнаму руху, або ставіць эмоцыі вышэй за закон у незалежнасці ад палітычных пераваг, лічыць Уладзіслаў.
 

А што па законе?

Згодна з законам аб органах унутраных спраў, супрацоўнікі могуць бесперашкодна ўваходзіць у жылыя памяшканні ў наступных выпадках:

— пераследуючы падазраваных ці абвінавачаных у здзяйсненні злачынстваў;
— пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што ў памяшканні здзяйсняецца або здзейснена злачынства або знаходзяцца падазраваны або асоба, якая ўхiляецца ад адбыцця пакарання;
— калі жылое памяшканне належыць чалавеку, які знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.

Па крымінальна-працэсуальным кодэксе Беларусі падазраваным з'яўляецца той, каго затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, або чалавек, у дачыненні да якога ўзбуджаная крымінальная справа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі