Урад Украіны перадумаў падпісваць асацыяцыю з ЕС
А Віктар Януковіч заяўляе, што Украіна працягне еўраінтэграцыю.
Кабінет міністраў Украіны распарадзіўся прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння Дамовы пра асацыяцыю паміж Украінай, Еўрасаюзам, Еўрапейскай супольнасцю па атамнай энергіі ды іх дзяржавамі-чальцамі. Пра гэта гаворыцца ў тэксце распараджэння ўкраінскага ўрада, перадае сайт podrobnosti.ua.
Таксама ўрад даручыў шэрагу міністэрстваў прыняць меры па ўнясенні ў дзяржаўныя мэтавыя, галіновыя і рэгіянальныя праграмы змен, накіраваных на развіццё гандлю, вытворчай кааперацыі і абмен тэхналогіямі з дзяржавамі — сябрамі СНД.
Акрамя таго, Кабінет міністраў ініцыюе стварэнне трохбаковай камісіі пры ўдзеле Еўрапейскага Саюза і Расійскай Федэрацыі.
У той жа час прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч сёння ў Вене пасля сустрэчы з федэральным прэзідэнтам Аўстрыйскай Рэспублікі Хайнсам Фішарам заявіў, што Украіна працягне ісці шляхам еўраінтэграцыі. Януковіч высока ацаніў прыняцце ўкраінскім парламентам яшчэ закона пра выбарчае заканадаўства, які набліжае краіну да гэтай мэты.
Фота — euroua.com