Усе 9 мадэрнізаваных заводаў па дрэваапрацоўцы ў 2017 годзе прынеслі страты
Усе 9 мадэрнізаваных заводаў па дрэваапрацоўцы ў 2017 годзе прынеслі страты. Прадпрыемствы, у абнаўленне якіх з 2007 па 2013 гады агулам укладзена больш за $1 млрд, летась каштавалі беларускай эканоміцы яшчэ прыкладна $55 млн. Пра гэта піша аналітык Дзмітрый Івановіч.
Фінансавая падтрымка дрэваапрацоўкі пачалася ў 2007 годзе. Са згоды Аляксандра Лукашэнкі на працягу шасці гадоў крэдыты на агульную суму больш за 1 мільярд еўра атрымалі "Барысаўдрэў", "Віцебскдрэў", "Гомельдрэў", "Івацэвічдрэў", "Мастоўдрэў", "Рэчыцадрэў", "Фандок", "Магілёўдрэў" і "Мазырскі ДАК". Праз нейкі час чыноўнікі пачалі называць абнаўленне дрэваапрацоўчай галіны мадэрнізацыяй. Гэтае ж слова пасля прыляпілася і да “перабудовы”, распачатай уладамі на цэментных заводах.
Напрыклад, ААТ "Івацэвічдрэў", якое, як і іншыя прадпрыемствы па дрэваапрацоўцы, уваходзіць у склад канцэрна "Беллеспаперапрам", з 2008 па 2013 год атрымала 34 крэдыты на 111 506 823,7 еўра, 147 551 728,79 расійскіх рублёў, 171 031,36 долараў ЗША. Нагадаем, такіх заводаў у Беларусі дзевяць.
Па разліках чыноўнікаў, дрэваапрацоўчыя заводы даўным-даўно мусяць прыносіць прыбытак. Але нехта пралічыўся, і яны дагэтуль застаюцца стратнымі. Каб аплачваць хаця б рахункі за электраэнергію і адсоткі па ўжо ўзятых крэдытах, яны атрымліваюць новыя пазыкі ад дзяржавы.
У кастрычніку 2015 года кіраўнік "Банка развіцця" Сяргей Румас дакладаў Аляксандру Лукашэнку, што шэсць з дзевяці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў "маюць пэўны патэнцыял і могуць выйсці на рэнтабельную працу". Але, як бачым, за два гады гэтага так і не адбылося.