Усе смяюцца — рабочы завода пра ідэалагічную працу на прадпрыемстве

Сустрэча чыноўніцы Мінгарвыканкама з работнікамі "Мінсктранса", ілюстрацыйнае фота

Сустрэча чыноўніцы Мінгарвыканкама з работнікамі "Мінсктранса", ілюстрацыйнае фота / minsktrans.by

З ідэалагічнымі выступамі на завод пастаянна прыязджаюць прадстаўнікі розных РУУС, ГУБАЗіК і разнастайныя артысты, у тым ліку Саладуха. Пра гэта расказаў "Салідарнасці" працаўнік аднаго з беларускіх прадпрыемстваў Андрэй. Ён малады спецыяліст, працуе па размеркаванні.

Пра ідэалагічную працу на прадпрыемстве ён кажа, што "гэта проста смешна". Паводле яго, у ягоных калег самыя розныя погляды, але агіду да таго, што кажуць сілавікі, адчуваюць усе.

"Нясуць усякую лухту, напрыклад, пра геяў у Еўропе", — расказвае хлопец. Гэтыя гутаркі часта пачынаюцца са звычайных тэм — напрыклад, пра ашуканцаў у інтэрнэце, але "потым нейкім чынам прыплятаюць да гэтага вайну ва Украіне, у Ізраілі, паказваюць кадры пратэстаў у ЗША, Францыі, расказваюць, як там б'юць людзей на пратэстах". Часам сілавікі прыводзяць статыстыку — расказваюць, колькі "экстрэмістаў" выявілі ў розных ВНУ, колькі чалавек пераводзілі грошы палку Каліноўскага.

"Цяпер, паводле сілавікоў, ужо ўвесь народ лічыцца "нядобранадзейным", бо большая частка гатовая ўпісацца ў нейкую "экстрэмісцкую тэму", — адзначыў суразмоўца выдання. Паводле яго слоў, "уся гэтая ідэалагічная апрацоўка — абсалютна недарэчная, і работнікі завода з яе смяюцца".

Ён таксама расказаў пра сітуацыю на заводзе ў цэлым. У параўнанні з іншымі прадпрыемствамі, як ён кажа, на ягоным заводзе "ўсё адносна нядрэнна", але ёсць і праблемы. У прыватнасці, абсталяванне і матэрыялы закупляюць таннейшыя. "Знаходзіш сам што лепшае ў інтэрнэце, паказваеш начальству, а яны: "Не, гэта дорага", — кажа хлопец. Танныя матэрыялы, паводле яго, уплываюць на якасць канчатковага прадукту. Ён таксама адзначыў, што на прадпрыемстве практычна няма рабочых сярэдняга ўзросту.

"Працуе ў асноўным пажылое пакаленне — гэта дзесьці 70% ад усіх работнікаў, ёсць нават тыя, каму за 70. Калі яны сыдуць, працаваць не будзе каму", — адзначыў Андрэй. Маладыя спецыялісты, кажа ён, надоўга не затрымліваюцца: сыходзяць альбо пасля адпрацоўкі размеркавання, альбо праз чатыры гады, калі ім перастаюць даплачваць як маладым спецыялістам. Што да зарплаты, то ён як малады спецыяліст атрымлівае каля 900-1000$ у эквіваленце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі