Ва Украіне створана новая вайсковая часць беларусаў-добраахвотнікаў
Валерый Сахашчык і Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Ва Украіне створана новая вайсковая часць беларусаў-добраахвотнікаў. Пра гэта 2 снежня на прэс-канферэнцыі ў Варшаве заявіў Валерый Сахашчык, прадстаўнік па пытаннях абароны Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Паводле яго слоў, Аб'яднаны Пераходны Кабінет мае добрыя стасункі з Узброенымі сіламі Украіны. Новая вайсковая часць будзе укамплектавана сучасным узбраеннем (у тым ліку і артылерыяй). Сахашчык адзначыў, што дагэтуль у падраздзяленнях беларускіх добраахвотнікаў гэтага не было і такая сітуацыя прыводзіла да страты людзей.
"Утварэнне нашай вайсковай часці — гэта адзін з крокаў, каб не дайшло да агрэсіі беларускага войска [супраць Украіны]. Мы толькі на пачатку гэтага шляху", — сказаў Валерый Сахашчык. Яна мусіць быць агульнай для ўсіх беларусаў, якія ваююць за Украіну.
Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, Сахашчык адзначыў, што вайсковая часць сфармаваная і цяпер камплектуецца.
Прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады Павел Латушка заявіў, што якраз гэтая вайсковая часць мусіць сустрэць беларускіх вайскоўцаў з РБ, якіх могуць прымусіць удзельнічаць у агрэсіі супраць Украіны. І яны атрымаюць магчымасць перайсці на яе бок.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.