Ва Украіне забаранілі прадаваць кнігі, выдадзеныя Беларускім экзархатам
Ва Украіне забаранілі 604 кнігі з Беларусі, ілюстрацыйнае фота
Ва Украіне забаранілі прадаваць 604 назвы кніг, выдадзеных беларускімі выдавецтвамі, у тым ліку рэлігійнымі. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на Дзяржаўны камітэт тэлевізіі і радыявяшчання Украіны (Дзяржтэлерадыё).
Маніторынгам продажу беларускіх кніг, як і расійскіх, ва Украіне пачалі займацца з красавіка 2024 года. Спіс забароненых расійскіх выданняў налічвае 3344 назвы.
Сярод забароненых для продажу кніг, выдадзеных у Беларусі, пераважае перакладная літаратура матывацыйнага і папулярнага характару (кнігі з парадамі наконт асабовага росту, поспехаў у фінансах, прафесіі і жыцці), а таксама рэлігійныя выданні.
Напрыклад, ва Украіне забаранілі прадаваць 16 кніг рэлігійнага характару, у тым ліку мінімум дзве выпушчаныя ў выдавецтве Беларускага Экзархату — "Мученичество в раннем христианстве: очерки исторического восприятия" Віктара Фядосіка, Валянціны Яноўскай і Алега Яноўскага, а таксама "Исповедь. Митрополит Антоний (Храповицкий)".
У Дзяржтэлерадыё кажуць, што ў спіс забароненых для продажу кніг трапляюць пераважна рускамоўныя, выпушчаныя выдавецтвамі "Мінск", "Палікрафт", "Махаон" і "Папуры" ў 2008, 2021 і 2022 гадах. Сучасных беларускіх твораў сярод забароненых няма.
Перад пачаткам вайны ва Украіне забаранілі ўвоз і продаж кнігі "Белорусский национализм против русского мира". Яе напісалі беларускі палітолаг Кірыл Авяр’янаў-Мінскі і расійскі журналіст Уладзіслаў Мальцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.