Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава

Марыя Зайцава

Марыя Зайцава / RFE/RL

24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава загінула ва Украіне. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на сяброў дзяўчыны.

У Беларусі яна вядомая па фатаграфіі, зробленай 9 жніўня 2020 года ў Мінску каля Стэлы. Тады дзяўчыну паранілі святлошумавой гранатай. Марыі зрабілі некалькі аперацый на радзіме, а потым вывезлі на лячэнне ў Чэхію.

Пасля пачатку вайны дзяўчына далучылася да абаронцаў Украіны. Зайцава загінула ў баях пад Бахмутам, дзе ваявала ў складзе 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна.

Марыя — гамяльчанка. У Мінск яна прыехала ў жніўні 2020 года разам з сябрам спецыяльна для ўдзелу ў пратэстах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. "Нас закідалі святлошумавымі гранатамі, я адразу згубіла прытомнасць, мяне параніла ў галаву, я была кантужаная", — расказвала дзяўчына.

Яе з дарогі адцягнулі сябры, якія таксама былі параненыя асколкамі гранат. "Нейкім чынам у мяне яшчэ ў сцягне апынуліся тры гумовыя кулі. Напэўна, гэта адбылося ўжо тады, калі я згубіла прытомнасць. Хіба што я выглядала вельмі небяспечнай на зямлі. Прачнулася я ў рэанімацыі", — згадвала Марыя ў адным з інтэрв'ю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.