Вадзім Іосуб: Рост заробкаў не выкліча катастрафічных наступстваў
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб каментуе заяву пра магчымае падвышэнне стаўкі першага разраду.
Еўрарадыё: Намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Ярашэнка заявіў, што магчымасці бюджэта дазваляюць правесці падвышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду. Пра тое, што такое падвышэнне будзе праводзіцца, паведамлялася і пасля працоўнай сустрэчы прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча з Аляксандрам Лукашэнкам. Адкуль узяліся гэтыя магчымасці бюджэту, якія дазваляюць падвышаць заробак?
Вадзім Іосуб: Трэба сказаць што напэўна ён мае рацыю ў тым, што такія магчымасці сапраўды ёсць, таму што рэспубліканскі бюджэт ад пачатку гада выконваецца з прафіцытам. Даходы бюджэта перавышаюць расходы ў першую чаргу за кошт паступленняў ад падаткаў і за кошт мытных пошлін. Памятаючы пра тое, што на самым высокім узроўні пастаянна нагадваецца пра неабходнасць давесці сярэдні заробак у краіне да 500 долараў - гэты крок дастаткова прадказальны. Асобнае пытанне – наколькі ўвогуле мэтазгодна і неабходна падвышаць заробак да 500 долараў. Звярніце ўвагу, што пра гэты рост заробкаў практычна не гаворыць ні нацбанк ні міністэрства фінансаў. Звычайна толькі на сустрэчах у кіраўніка дзяржавы пастаянна нагадваецца пра гэтую мэту. З майго пункту гледжання, нават у насельніцтва ўжо дастаткова асцярожнае стаўленне да росту заробкаў. Усе памятаюць, чым скончыўся гэты рост напрыканцы 2010 года. Многія ўжо разумеюць, што рост даходаў можа прывесці да росту інфляцыі, да чарговай дэвальвацыі. Нават тыя, хто гэтага не разумее, адчуваюць, што 500 долараў сёння – гэта зусім не тое самае, што 500 долараў два гады таму.
Еўрарадыё: На вашую думку, ці можа зараз паўтарыцца сітуацыя 2011 года?
Вадзім Іосуб: Насамрэч розніца ўсё ж ёсць, бо там за невялікі прамежак часу, практычна за паўгады, больш чым на 30 адсоткаў паднялі сярэднія заробкі. Зараз калі ўлічваць, што сярэдні заробак выйшаў на ўзровень 450 долараў, трэба падвышаць на 10-11 адсоткаў. Стан і бюджэта і гандлёвага баланса зараз лепшыя чым у 2010 годзе. То бок рост да 500 долараў не выкліча такіх катастрафічных наступстваў. Але ён будзе аказваць ціск і на кошты і на курсы валют.
Еўрарадыё: А што істотна змянілася ў параўнанні з 2010 годам? За гэты час не было праведзена сістэмных рэформаў, не было прынцыповай змены падыходу да дзяржаўных выдаткаў, магчыма крыху былі заціснутыя пасы, але мы вяртаемся на тыя ж рэйкі. Адкуль бярэцца паляпшэнне эканамічных паказчыкаў?
Вадзім Іосуб: Трэба прызнаць што кардынальна памянялася грашова-крэдытная палітыка. Можна нават сказаць, што яна памянялася рэвалюцыйна, і ў прынцыпе ў правільны бок. Дарэчы, гэта быў адзіны спосаб выйсці з той сітуацыі, якая склалася напрыканцы лета – напачатку восені мінулага года. Па-першае, у нас зараз па сутнасці рухомы курс, то бок ён не задаецца адміністрацыйна. А Нацбанк выключна згладжвае нейкія моцныя ваганні. Па-другое, практычна са снежня мінулага года ў нас адсоткавая стаўка з’яўляецца станоўчай у рэальным выражэнні, то бок адсоткавая стаўка перавышае бягучую інфляцыю. Таму становіцца выгадным захоўваць грошы ў беларускіх рублях, памяншаецца попыт на долары. І ў нас дастаткова дарагія крэдыты, з улікам высокай стаўкі па крэдытах, іх не раздаюць налева і направа, і адпаведна не бяруць без вялікай неабходнасці. Грашовая маса расце павольнымі тэмпамі і няма перадумоваў для рэзкай інфляцыі і рэзкай дэвальвацыі. То бок усё ж такі штосьці ў нас кардынальна памянялася. Але ўсё гэта няўстойлівыя заваёвы, ёсць рызыка адмовы ад жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі і страчвання заваёваў у гэтай сферы.
Еўрарадыё: Як на вашую думку, наколькі могуць падвысіць заробкі да канца года?
Вадзім Іосуб: Мэта ў нас абазначаная – 500 долараў. Прычым гэта такі своеасаблівы незразумелы фетыш – незразумела, чаму яна вымяраецца ў доларах. Калі б яе вымяралі напрыклад у еўра, з улікам таго, што курс еўра дастаткова моцна ўпаў, унас была б цудоўная дынаміка росту даходаў у еўра. Я думаю, хутчэй за ўсё, да мэты ў 500 долараў да канца года і будуць імкнуцца ўлады.