Вадзім Жук: Такое ўлюлюканне ў бок цемнаскурых гульцоў лічыцца расісцкім

“Гэта былі непрыгожыя выкрыкі, расісцкія ў мой адрас. Заўзятары павялі сябе недапушчальна, таму я засмучаны і абураны. Гэта іх не ўпрыгожвае”, — прыводзіць словы нападаючага сайт украінскай каманды.

На 85 хвіліне трэцяга матча Лігі чэмпіёнаў БАТЭ-“Шахцёр” (0:7) суддзя спыняе гульню на тры хвіліны нібыта з-за расісцкіх выкрыкаў з боку беларускіх фанатаў у адрас бразільскіх легіянераў.

Што канкрэтна абразіла легіянера з Бразіліі, не агучваецца. Не ведаюць гэтага ні супрацоўнікі самога БАТЭ, ні журналісты “Еўрарадыё”, якія прысутнічалі на фанацкіх трыбунах, ні самі балельшчыкі.

“Калі сёмую банку закалацілі, сектар у падтрымку варатара Чэрніка пачаў скандзіраваць “Чэр-нік! Чэр-нік!”, — узгадвае фанат БАТЭ Аляксандр. — Можа, суддзі харвату проста пачулася абраза звязаная з “чорным”...

Цалкам верагодна, што брыгада харвацкіх суддзяў, якая абслугоўвала матч, нешта няправільна пачула ці зразумела. Асабліва ўлічваючы, што на харвацкай мове “чорны” будзе гучаць, як “црні (crni)” з націскам на літару “р”.

Я не ведаю, з чаго пачалося, — каментуе сітуацыю парталу Tribuna.com паўабаронца “ШахцёраТарас Сцепаненка. — Луіс жа падбег не да трыбун, а да камеры. І паслаў паветраны пацалунак, магчыма, жонцы ці дачцэ. Напэўна, яго няправільна зразумелі. Нічога з боку Алекса не было такога, каб справакаваць трыбуны. Мы з вялікай павагай ставімся да БАТЭ, і на полі было бачна, што не было ніякіх здзекаў”.

Калі бразільскі легіянер пасылаў паветраны пацалунак, беларускія трыбуны сапраўды пачалі шумець і скандаваць нешта кшталту “фу”. Але такія выкрыкі ў бок нападаючых не рэдкасць пасля забітага гола.

“Сам я не звярнуў увагі, а ўжо потым удакладніў у дэлегата, што было, і чаму спынялі матч, — кажа старшыня судзейскай калегіі Беларусі Вадзім Жук, які падчас матча акурат працаваў з суддзямі. — Ён мне патлумачыў, што такое ўлюлюканне ў бок цемнаскурых гульцоў лічыцца расісцкім выказваннем. Увогуле, у суддзяў ёсць пералік таго, што лічыцца расізмам, але я яго не ведаю”.

Нагадаем, некалькі месяцаў таму маскоўскі клуб “ЦСКА” гуляў матч з “Баварыяй” пры пустых трыбунах. Так УЕФА вырашыла пакараць каманду за расісцкія і ўльтраправыя жэсты ды выказванні балельшчыкаў. Ці чакаць падобных санкцый клубу “БАТЭ”, пакуль невядома, бо яшчэ няма нават апавяшчэння ад УЕФА пра пачатак разбіральніцтва па гэтай справе.

Раней паведамлялася, што падчас матча было затрымана дзевяць балельшчыкаў. Але ўсе яны праходзяць па артыкулах "непадпарадкаванне праваахоўным органам", "з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане" ды "дробнае хуліганства" і былі затрыманыя яшчэ да пачатку матча.

Фота: eurosport.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі