Ваеннае становішча ва Украіне пацягне абмежаванні на ўезд турыстаў

Ваеннае становішча ва Украіне пацягне абмежаванні на ўезд турыстаў

Калі вы збіраліся сустрэць новы 2019 год у Львове ці ў Кіеве, магчыма, планы давядзецца карэктаваць. 26 лістапада дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны на пазачарговым пасяджэнні абмяркуюць праект рашэння аб ваенным становішчы. А калі ваеннае становішча будзе ўведзенае, доступ замежных турыстаў ва Украіну будзе абмежаваны.

“Я цытую дакумент: “Усталёўваецца асобы рэжым уезда і выезду, абмяжоўваецца свабода перасоўвання грамадзян, замежнікаў, асоб без грамадзянства, а таксама рух транспартных сродкаў”. Асобы рэжым — гэта абмежаванне, і тут можа быць любы варыянт, у залежнасці ад таго, які будзе на тым прапускным пункце, праз які вы едзеце. Рэжым гэты прапісваецца, ён не закрыты, і вы будзеце ведаць, якія шанцы ў вас на перасячэнне мяжы. Але тое, што абмежаванні на ўезд і выезд будуць — гэта стоадсоткава”, — распавядае Еўрарадыё дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Барыслаў Бярэза.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падтрымаў прапанову Савета нацыянальнай бяспекі і абароны аб увядзенні ваеннага становішча пасля канфлікту паміж расійскімі і ўкраінскімі караблямі ў Керчанскім праліве. Раніцай 25 лістапада тры караблі Украіны спрабавалі прайсці з Чорнага ў Азоўскае мора, але не былі прапушчаныя караблямі ВМС Расіі.

У выніку інцыдэнту ўкраінскія караблі былі захопленыя расійскімі ваеннымі, сярод украінскіх маракоў ёсць параненыя. Расійскі бок вінаваціць Украіну ў парушэнні мяжы іх тэрытарыяльных вод. Кіеў сцвярджае, што паведаміў пра маршрут сваіх судоў у адпаведнасці з патрабаваннем міжнароднага заканадаўства.

Па словах Барыслава Бярэзы, пакуль сярод дэпутатаў Вярхоўнай Рады няма адзінства і ўпэўненасці ў тым, што ўвядзенне ваеннага становішча мэтазгоднае.

“Ідзе вялікая спрэчка. Я толькі што скончыў размову са сваімі калегамі. Аднаго пункту гледжання на гэта пытанне няма, што добра. Тое, што адбылося ўчора ў Азове — гэта непрыхаваная агрэсія. На яе абавязкова трэба адказваць на дыпламатычным узроўні. Пры гэтым, неабходна дакладна разумець, як трэба змяняць сваё ваенную дактрыну, узмацняючы сваю пазіцыю.

Але неабходна мець дакладнае разуменне таго, як ваеннае становішча зменіць існуючую сітуацыю. Я пакуль гэтага не бачу, адпаведна, я не разумею, чаму трэба галасаваць за ўвядзенне ваеннага становішча, калі яно ніякім чынам не зменіць сітуацыю”.

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 26.11:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі