Вакцына супраць грыпу дастаўленая ў Беларусь — медыкі не выключаюць эпідэміі
Вакцынацыя ад грыпу будзе добраахвотнай
Першая партыя вакцыны супраць грыпу паступіла ў Беларусь, другая пастаўка чакаецца ў канцы верасня, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Як толькі вакцына пройдзе лабараторны кантроль, грамадзяне змогуць зрабіць прышчэпкі. Медыкі разлічваюць, што сёлета вакцынацыя супраць грыпу ахопіць не менш за 40% насельніцтва.
Штамавы састаў вакцыны ад грыпу быў зменены, таму прышчэпку трэба рабіць нават тым, хто вакцынаваўся ў мінулым годзе.
Летась эпідэміі грыпу ў Беларусі не было. Пандэмічны вірус COVID-19 выцесніў іншыя вірусы, у дадатак грамадзяне прытрымліваліся мер прафілактыкі. Але ў гэтым сезоне не выключана, што грып будзе актыўны, лічаць у Міністэрстве аховы здароўя.
Медыкі раяць грамадзянам зрабіць прышчэпку супраць каранавіруса (дзве дозы) і праз 14 дзён пасля гэтага прышчапіцца супраць грыпу. Вакцынацыя ў адзін дзень дапушчальная, калі няма супрацьпаказанняў.
Для бясплатнай прышчэпкі ад грыпу будзе выкарыстоўвацца расійская вакцына "Грыпол Плюс", а для платнай — "Ваксігрып Тэтра" (Францыя).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.