Валейбалістка зборнай Беларусі: У выніку форму мы атрымалі і можам гуляць

Напярэдадні фінальнага турніра чэмпіяната Еўропы (6 верасня распачаўся ў Германіі) валейбалісткі зборнай Беларусі падрыхтавалі ананімны ліст аб набалелых праблемах. Скардзіліся на адсутнасць… гульнявой формы, новых куртак, сумак, красовак, зарплат.    

Няўжо дзяўчат выправілі на топ-турнір каго ў чым? Аказалася, што непасрэдна ў Германіі напярэдадні першага матча праблема была ў вялікай ступені вырашана.

“Усе цяжкасці нам патлумачылі форсмажорнай сітуацыяй, якая здарылася з фурай, дзе была наша форма, — каментуе сітуацыю дыяганальная зборнай Беларусі Крысціна Міхайленка. — У выніку форму мы атрымалі і да гульняў гатовыя. Спадзяюся, вы так і напішаце”.

Еўрарадыё: Атрымалі абсалютна ўсё?

Крысціна Міхайленка: "Красоўкі сапраўды атрымалі толькі пяць чалавек. Парадныя касцюмы ў нас — з мінулых адборачных матчаў. Сумкі ёсць ва ўсёй каманды, за выключэннем аднаго чалавека".

Еўрарадыё: А што наконт прэміяльных за выступленні за зборную? Няўжо нічога не плацяць?

Крысціна Міхайленка: "Дзяўчаты, якія выступаюць у чэмпіянаце Беларусі, маюць паўстаўкі ў Міністэрстве спорту. Прэміі за выйграныя гульні мы атрымоўваем. А зарплаты за зборную ў Еўропе атрымлівае ўвогуле мала хто".

Трэнер Віктар Ганчароў

У першым матчы 6 верасня нашы сыдуцца з расіянкамі. Пачатак а 20.30 па нямецкім часе. “Беларусь-2” пакажа гульню а першай ночы.

Іншыя суперніцы беларусак па групе — азербайджанкі і харваткі. Нашых дзяўчат многія разглядаюць як аўтсайдараў. Але трэнер Віктар Ганчароў настройвае сваю каманду на змаганне і перамогі.

Пяць валейбалістак зборнай Беларусі гуляюць ва ўнутраным чэмпіянаце. Па дзве — у першынствах Азербайджана і Казахстана, па адной — у Чэхіі, Германіі, Расіі, Украіне і Турцыі.

Фота прэс-службы Федэрацыі валейбола Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі