Валюта ў абменніках ёсць, але "яе набываюць вялікімі сумамі" (фота)
Новы рэкорд — 17 тысяч за адзін долар, еўра каштуе амаль 19 тысяч. Ці пабеглі мінчукі па традыцыі ў абменнікі?
Новы рэкорд — 17 тысяч за адзін долар, еўра каштуе 19 тысяч.
Ці пабеглі мінчукі па традыцыі ў абменнікі? Правяраем. У сталічным ГУМе ў чарзе стаяць чатыры чалавекі. Жанчына сярэдняга веку набывае 150 долараў "на адпачынак".
За ёй мужчына стаіць па долары, каб "аплаціць кватэру". За ім дзяўчаты таксама мяняюць грошы на адпачынак.
"Асабліва вялікіх чэргаў не стаіць. Але долары набываюць буйнымі сумамі", — ацэньвае касірка ў банку каля станцыі метро Няміга ў Мінску.
У чарзе толькі два чалавекі: мужчына здае 100 долараў, каб пайсці па пакупкі, за ім дзяўчына наадварот — набывае долары.
А вось на той жа Нямізе чарга ўжо ў банкамат, па беларускія рублі стаіць дзесяць чалавек. Раптам першы з чаргі ўсіх расчароўвае: "Грошай у банкамаце больш няма".
У абменніку гандлёвага дома "На Нямізе" у чарзе стаяць толькі 4 чалавекі. Першы набывае долары, за ім валюту набывае жанчына. На абодвух — каля 400 долараў.
У іншым абменніку таго ж гандлёвага дома людзей няма наогул: "Долары ёсць, можаце набываць", — адказвае мне касірка, калі пытаю пра 300 долараў.
Чарга з 8 чалавек у "Беларусбанку" гандлёвага цэнтра "Сталіца". Першая жанчына у чарзе набывае 200 долараў. Чалавек перада мной наадварот хоча здаць сотку і пайсці па крамах. У сярэдзіне чаргі жанчына проста хоча аплаціць камуналку.
"Беларусбанк" на Маркса поўны людзей, у адну касу стаяць шэсць чалавек і восем у іншую. Але валюту набываюць не ўсе: нехта аплачвае камуналку, двое замежнікаў здаюць долары. Калі і набываюць, то невялікія сумы, 200-300 долараў.
"Зноў чэргі ў абменніках, пры мне жанчына набывала валюты на 160 мільёнаў, а за ёй хлопец набываў 900 долараў", — дзеліцца карыстальінца сацсетак Алена.
За тры дні долар дасягнуў адзнакі ў 17 тысяч рублёў. Толькі за сёння ён падаражэў на 232 рублі, еўра — на 500 рублёў.