Вардамацкі: “Няма пратэстных настрояў, бо ёсць магчымасць з’ехаць за мяжу”
Беларуская аналітычная майстэрня прадставіла ў Варшаве сваё чарговае даследаванне — “Беларусь. Рэчаіснасць. Дабрацца да сутнасці справы”. Традыцыйна актуальны стан беларускага грамадства разглядаўся з перспектывы эканамічнага развіцця краіны, ролі і месца Беларусі на міжнароднай арэне, а таксама надавалася ўвага таму, як эканамічны клімат у краіне ўплывае на палітычныя чаканні беларусаў.
Вось што адказаў прафесар Андрэй Вардамацкі на пытанне Еўрарадыё пра тое, чаму паводле сацыялагічных даследаванняў у беларусаў высокія чаканні эканамічных рэформаў ці паляпшэння свайго фінансавага становішча, але даволі нізкі паказчык чаканняў палітычных змен:
“Калі кажуць, што вось столькі адсоткаў за перамены ў грамадстве — гэта не азначае, што людзі хочуць менавіта палітычных пераменаў. Частка гаворыць пра нейкія свае матэрыяльныя, прагматычныя мэты: падвышэнне заробкаў. Людзі не думаюць пра высокія матэрыі: аб палітыцы, эканамічных рэформах. Няма ў беларусаў сувязі паміж эканамічным самаадчуваннем і ўзроўнем пратэстных настрояў, бо прычына ў спецыфіцы ментальнасці і гісторыі апошніх 20 гадоў, ды існуе магчымасць з’ехаць за мяжу”.
Эксперты звяртаюць увагу, што ў мінулым годзе абвастрылася пытанне беспрацоўя, асабліва ў малых гарадах з насельніцтвам ад 5 000 да 20 000 чалавек. Паводле сацыялагічных апытанняў, больш за 69 адсоткаў насельніцтва малых гарадоў баяцца таго, што згубяць працу.