Вашынгтон турбуе залежнасць Мінска ад Масквы — Джулі Фішэр
Аляксандр Лукашэнка наўрад ці застанецца ва ўладзе надоўга, калі працягне жорстка распраўляцца з апанентамі, заявіла ў чацвер прызначаны амбасадар ЗША ў Мінску Джулі Фішэр, паведамляе "Голас Амерыкі".
"Дынаміка пратэстаў змяніла давер да рэжыму ў Беларусі. Я не веру ва ўстойлівасць ўрада, які грэбуе воляй народа і так адкрыта яе ігнаруе", — сказала пасол. Па яе словах, "цяжка ўявіць, што гэта можа працягвацца ў найбліжэйшай будучыні".
Фішэр таксама адзначыла, што ў Вашынгтоне занепакоеныя ўзмацненнем залежнасці Мінску ад Масквы, якое назіраецца ў апошні час на фоне пратэстаў у Беларусі.
"Мы назіраем паслабленне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, і гэта турбуе ЗША", — сказала дыпламат.
Гэтыя заявы Джулі Фішэр рабіла ў Вільні. Яна была гатовая прыступіць да працы ў Мінску, але не можа атрымаць візу. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей тлумачыць гэта тым, што ў Мінску "хацелі б мець поўную яснасць, у якім статусе спадарыня прызначаны пасол мае намер працаваць у Беларусі". Паводле яго слоў, "калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта". У Вашынгтоне тым часам разглядаюць варыянт, што пакуль Джулі Фішэр будзе працаваць з Вільні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.